Пухавіцкія скалалазы падарожнічаюць па Беларусі
Для школьнікаў лета — час канікул і адпачынку. Для выхаванцаў секцыі па спартыўным скалалазанні — гэта час вандровак. Два падарожжы па новых маршрутах юныя турысты ўжо здзейснілі.
У пачатку лета спартсмены накіраваліся ў Жлобінскі раён Гомельскай вобласці. Скалалазаў уразіла экскурсійная праграма. Яны наведалі мемарыял “Помнік дзецям-ахвярам вайны” ў вёсцы Чырвоны Бераг.
— Кожнае наша падарожжа мае сваю тэматыку. Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы невыпадкова наведалі менавіта гэтае месца, — расказала трэнер па скалалазанні цэнтра турызму дзяцей і моладзі раёна Вольга Рак.
За тры дні пухавіччане пераадолелі 34 кіламетры. Першая селёта вандроўка невыпадкова была адносна лёгкай: яе мэтай было праверыць навічкоў.
— З шаснаццаці дзяцей пяцёра ўпершыню сталі турыстамі, — працягвае Вольга Сяргееўна. — У іх усё атрымалася. Прыемна здзівіў пяцігадовы Марк Мотуз. У сваё першае падарожжа ён накіраваўся разам з бацькам, але на працягу ўсяго часу стараўся быць самастойным.
Нашы скалалазы любяць сплаўляцца на байдарках, таму трэнер прапанавала сваім выхаванцам водны паход 2-й ступені складанасці па рацэ Іслач у Мінскай вобласці. Рака даволі складаная для сплаву, але ж тым і цікавей. Дэбютанты воднага падарожжа — Максім Гаман, Кацярына Ганчарэвіч і Лізавета Захарава — садзіліся з больш вопытнымі сябрамі.
Іслач працякае праз Налібокскую пушчу. Колькі цікавых прадстаўнікоў жывёльнага свету ўбачылі нашы спартсмены за пяцьдзясят кіламетраў, складана пералічыць. У Валожынскім раёне, праз які пралягаў маршрут, юныя турысты наведалі магілу беларускага пісьменніка і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Скалалазы працягнуць падарожнічаць па Беларусі. Яшчэ летам дзяцей чакае доўгачаканая паездка ў Расію на Варгольскія скалы.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.