Пухавіцкія земляробы пачалі сяўбу цукровых буракоў

Механізатар Петр Чэпікаў.

У чацвер пухавіцкія земляробы пачалі  сяўбу  цукровых буракоў. Першымі зрабілі гэта ў ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. Салодкая культура будзе расці тут на 250 гектарах.

У мінулым годзе ўраджайнасць буракоў склала 622 цэнтнеры з гектара. Гэта самы высокі вынік у раёне, таму сёлета пасяўная плошча павялічылася на 85 гектараў. Насенне закупілі ў ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат”. На гэтае ж прадпрыемства  будзе рэалізоўвацца будучы ўраджай.

Важнай умовай для паспяховай сяўбы з’яўляецца своечасовая і якасная падрыхтоўка плошчаў пад цукровыя буракі. У гаспадарцы аб гэтым паклапаціліся. Ворыва на патрэбных палях правялі з восені. Дзмітрый Бабінскі, Аляксей Скіндар і Уладзімір Чэпікаў займаліся ўнясеннем мінеральных удабрэнняў, Дзмітрый Лістападаў, Аляксандр Блахін — падрыхтоўкай глебы. Другі год запар  цукровыя буракі сее Пётр Чэпікаў. Гэты вопытны механізатар да любой справы адносіцца з адказнасцю.

— Перад выхадам у поле адрэгулявалі норму высева, — расказвае галоўны аграном Сяргей Алесік. — Сяўбу праводзім з захаваннем усіх тэхналагічных прыёмаў. Перадпасяўную падрыхтоўку глебы праводзім не пазней, чым за паўгадзіны перад сяўбой, каб зямля не перасыхала.

Цалкам засеяць адведзеныя гектары ў гаспадарцы плануюць за дзесяць дзён. Справіцца хутка і якасна дапаможа вопыт, атрыманы ў мінулым годзе. Пасля земляробы будуць праводзіць хімічную апрацоўку пасеваў гербіцыдамі і ўносіць мікраэлементы.   Усё гэта важныя складаемыя добрага ўраджаю.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *