Работы ў земляробаў шмат

Падкормку азімых культур у ААТ “Зазерка” правялі механізатар Віктар Бурак і вадзіцель Міхаіл Навіцкі.

Пасяўная кампанія — гэта не толькі непасрэдна сяўба, а цэлы  комплекс работ. На палях раёна вядзецца падрыхтоўка глебы, унясенне ў яе мінеральных і арганічных удабрэнняў. Перад земляробамі стаіць задача правесці ўсе работы максімальна эфектыўна і арганізавана.Сяўба павінна быць завершана да 28 красавіка.

— Як гэта часта бывала і раней, надвор’е ўнесла свае карэктывы ў нашы планы. У поле тэхніка выйшла на 10-12 дзён пазней, чым мы разлічвалі. У мінулым годзе на гэты час сяўба ранніх яравых культур ў раёне была цалкам завершана. На раніцу пятніцы агульны працэнт сяўбы па раёне склаў 42 працэнты, — адзначае начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі  і харчавання райвыканкама Сяргей Кавалёў. — Штодзень тэмпы сяўбы павялічваюцца. Да вызначанага тэрміна сяўбу мы плануем завяршыць.

Механізатар ААТ “Вецярэвічы” Аляксандр Бахур задзейнічаны на сяўбе.

Хуткімі тэмпамі ідзе пасяўная кампанія ў ААТ “Зазерка” (план сяўбы выкананы на 55 працэнтаў), ААТ “Племянны завод “Індустрыя” (52 працэнты),  ААТ “Вецярэвічы” (49 працэнтаў). На пасяўной  задзейнічаны мехатрад СУП “Сварог-Агра”, аднак большасць гаспадарак спраўляецца сваімі сіламі.

Мінеральнымі ўдабрэннямі для правядзення сяўбы гаспадаркі забяспечаны. Найбольш актыўна ідзе ўнясенне азотных і фосфарных удабрэнняў. Таксама на палях вядзецца ўборка камянёў, бо з-за іх нярэдка выходзіць са строю тэхніка.

—  Сельгаспрадпрыемствы завяршылі першую падкормку азімых. Амаль 300 гектараў азімага рапсу і азімых збожжавых па раёне ў некаторых гаспадарках давядзецца перасяваць яравымі культурамі, —  працягвае Сяргей  Кавалёў.

На мінулым тыдні некаторыя гаспадаркі прыступілі да сяўбы цукровых буракоў. Другі год яны будуць расці на палетках ААТ “Агра-Абярэг”, “Зазерка”, “Племянны завод “Індустрыя”, сельгасфіліялаў “Дрычын” і “Светлая ніва”. Дэбютную сяўбу  салодкіх караняплодаў праводзіць ПСУ “Рудзенскае”. Сельгасарганізацыі трэба засеяць 100 гектараў.

Цяпер такі час, што работы ў земляробаў шмат. На чарзе — сяўба кукурузы. Надышоў час уносіць арганіку і дыскаваць глебу. Агранамічныя службы набываюць насенне і неабходныя хімікаты  для пратручвання. Інжынерныя службы  дбаюць пра падрыхтоўку кукурузных сеялак.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *