Аграгарадок Голацк будзе прымаць раённае свята «Дажынкі»
У гэтым годзе раённае свята «Дажынкі» адбудзецца ў аграгарадку Голацк. Сюды з’едуцца прадстаўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна, каб разам падвесці вынікі сельскагаспадарчага сезона. Будуць узнагароджаны лепшыя гаспадаркі і лепшыя працаўнікі.
Прымаць гасцей, упэўнены жыхары аграгарадка, ганарова і адказна. Таму да свята пачалі рыхтавацца загадзя. Каб зрабіць Голацк яшчэ больш прывабным, рукі прыклалі ўсе: работнікі ААТ «Голацк», сельскага Савета, Дома культуры, школы. Дапамагалі вяскоўцам камунальнікі, супрацоўнікі МНС, работнікі ДРБУ-169.
— У гэтым годзе быў праведзены рамонт адміністрацыйнага будынка сельгаспрадпрыемства (на здымку), адрамантаваны асобны будынак для сталовай гаспадаркі, — расказвае пра перамены старшыня сельвыканкама Віктар Малуха. — З’явіліся новыя тратуары, заасфальтавана плошча. Адрамантаваны Дом культуры. На месцы старых дрэў пасаджаны маладыя.
Падчас суботнікаў з удзелам жыхароў Голацка і прадстаўнікоў арганізацый Пухавіччыны абкошаны тэрыторыі аграгарадка. Адрамантаваны і пафарбаваны агароджы, якія знаходзяцца на балансе сельскага Савета. Увогуле, навесці парадак стараліся абсалютна ўсе. Спадзяёмся, што нашым гасцям усё спадабаецца. Галоўнае, каб не падвяло надвор’е.
У Голацк з Мар’інай Горкі ў суботу плануюць арганізаваць аўтобусныя маршруты, каб на «Дажынках» змог пабываць любы жадаючы. Але і на асабістым транспарце знайсці аграгарадок складана не будзе: вам раскажуць аб месцы правядзення раённага свята кампазіцыі з рулонаў саломы, якія ля дарог, што вядуць на Голацк, з настроем і фантазіяй зрабілі агульнымі сіламі работнікі ўстаноў і арганізацый аграгарадка. Сардэчна запрашаем усіх!
Алена ІВАНОВА.