Раённы турыстычны злёт сабраў аматараў актыўнага адпачынку

І дажджу, і  сонца, і добрага настрою… Усяго гэтага хапіла ўдзельнікам раённага турыстычнага злёту, які  традыцыйна сабраў у Падбярэжжы аматараў актыўнага адпачынкуСярод іхпрацаўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёнаАпошніх, дарэчы, у гэтым годзе была пераважная большасць

— Сёлетні турзлёт прайшоў у некалькі незвычайным фармаце, — расказвае галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Махнач. — Па-першае, сапраўды нязвыкла мала прыехала каманд ад прамысловых прадпрыемстваў: усяго чатыры.  Прычыны не прыняць удзел ва ўсіх, хто не даехаў, былі свае.  У тым ліку і аб’ектыўныя, якія тычацца вытворчых пытанняў.  Але агульная колькасць удзельнікаў (13 каманд) аказалася збалансавана камандамі сельгасарганізацый, якія раней спаборнічалі асобна.  Тэрміны турзлёту па гэтай прычыне мы перагледзелі і скарацілі праграму да двух дзён, таму што надалей адарваць аграрыяў ад вытворчых работ улетку недапушчальна.  Мы пастараліся ўкласціся ў адведзены час.  Але, калі шчыра, яго для паўнавартаснага правядзення турзлёту крыху не хапіла.

Час спаборніцтваў быў распісаны літаральна па хвілінах.  І толькі дзякуючы вопыту ўдзельнікаў сціслыя тэрміны не адбіліся на працэсе.  Усё было арганізавана, без мітусні і блытаніны.

На высокім узроўні прайшлі асноўныя турыстычныя спаборніцтвы — праходжанне турыстычнай паласы і спартыўнае арыентаванне.  Упершыню выкарысталі электронную сістэму суправаджэння на этапах.  Удзельнікі з чыпамі былі на трасе, а на экране можна было назіраць, дзе і ў якім месцы знаходзяцца члены каманд.  З асноўнымі відамі праграмы лепш за іншых справіліся каманды Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама  (першае месца ў спартыўным арыентаванні), УП “Жылцепласэрвіс” КГ і ААТ “Голацк” (турыстычная паласа).

Упершыню ў гэтым годзе з моманту заезду каманд у Падбярэжжа  рабіліся фотаздымкі, на якіх зафіксаваны эпізоды ўладкавання палатачных лагераў.  Да вечара ўжо была гатова мультымедыйная прэзентацыя.  Атрымалася цікава.  І на памяць нешта застанецца.

Вельмі цікава прайшлі ў гэтым годзе творчыя конкурсы: прэзентацыі каманд, абарона лагераў, конкурсы песень, газет.  Кожная каманда паспрабавала не толькі якасна ўладкаваць побыт (гэта зрабілі абсалютна ўсе ўдзельнікі), але і падысці да гэтага пытання творча.  На падворку ААТ “Голацк”, напрыклад, быў арганізаваны гістарычны куток з рарытэтным рыбаком, які суправаджае каманду шмат гадоў.  А на тэрыторыі лагера аграрна-тэхнічнага каледжа гасцей сустракалі каларытныя Дзед і Баба, якія таксама ўжо сталі візітнай карткай каледжа.  Дарэчы, Дзеда і Бабу з задавальненнем запрашалі пагасцяваць у сябе многія каманды: сэлфі з гэтай парачкай кожны хацеў пакінуць на памяць.

Гаворачы аб выніках, трэба адзначыць, што лепш за ўсіх абаранілі лагер каманды ЗАТ “Август-Бел”, УП “Жылцепласэрвіс” КГ ,  упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, ААТ “Голацк” (усе — першыя месцы).  Лепш за ўсіх праспявала песню каманда Пухавіцкага РЭС, а паказала лепшую праграму мастацкай сама-дзейнасці каманда ААТ “Голацк”.  Візітная картка ЗАТ “Август-Бел” парадавала ўсіх членаў журы.  А газета атрымалася самай цікавай у турыстаў з упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

Не абышлося на турзлёце і без валейбольных баталій.  Ва ўпартай барацьбе першымі сталі каманды  каледжа і ЗАТ “Август-Бел”.

Падлічыўшы балы за ўсе этапы, вызначылі самых лепшых.  У гэтым годзе гэта каманды ЗАТ “Август-Бел”, упраўлення па адукацыі, спорце  і турызме райвыканкама і УП “Жылцепласэрвіс” КГ (сярод калектываў па фізічнай культуры), а таксама Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага  каледжа, ТАА “Бел-экатэхніка”, ААТ “Голацк” (сярод членаў беларускага прафсаюза работнікаў АПК).

Зрэшты, месцы, як сцвярджаюць многія ўдзельнікі турзлёту, — не галоўнае.  Напрыклад, у камандзе з Голацка мне сказалі, што не за месцам прыехалі ў Падбярэжжа, хаця змагацца будуць на ўсе  сто працэнтаў.  Прыехалі за пазітывам.  І назву такую далі камандзе.  Вось так, на пазітыве, і правялі два “ўлётныя” дні.

Турзлётаўскі пазітыў, на самой справе, — эмоцыя не на адзін дзень.  У камандзе УП “Жылцепласэрвіс” КГ, напрыклад, дзякуючы турзлёту ўтварыліся дзве сямейныя пары.  Адны пазнаёміліся на абласным спаборніцтве на Нарачы, а другія (Ірына і Аляксей Рэйн) — у Падбярэжжы.  І ў гэтым годзе яны таксама прыехалі абараняць гонар каманды, нягледзячы на тое, што ў Аляксея быў дзень нараджэння.  А, можа, менавіта таму і прыехалі: дзе лепш адзначыш свята, калі не сярод сяброў?!

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *