Сакрэт вялікага малака ведаюць у ААТ «Аграсімвал»

Таццяна Агейчанка і Надзея Грынёк.

Малако для любога сельгаспрадпрыемства — тая стратэгічная прадукцыя, якая на працягу ўсяго года застаецца асноўнай  крыніцай   паступлення грашовых сродкаў на яго рахунак. Асабліва плённым па вытворчасці і рэалізацыі малака з’яўляецца летне-пашавы перыяд. 

У павышэнні надояў важнае значэнне мае не толькі правільная арганізацыя кармлення жывёлы, але і строгае выкананне  патрабаванняў тэхналагічнага  рэгламентунайважнейшага складніку ўсяго вытворчага цыклу.

Усё сказанае ў поўнай меры  адносіцца да ААТ “Аграсімвал”. Лета для гаспадаркі стала часам вялікага малака.

— Наш  дойны  статак  у  параўнанні з мінулым годам  павялічыўся на 25 кароў. Надой малака за сем месяцаў склаў плюс 102,6 працэнта да мінулага года. Здача малака  — 100,9 працэнта. У лічбавым эквіваленце гэта плюс 1 тона 300 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года, — расказвае галоўны   заатэхнік    гаспадаркі   Кацярына Уласень. — Хачу падкрэсліць, што першай прыступкай у працэсе атрымання вялікага малака з’яўляецца асемяненне. Наш асноўны тэхнік-асемянатар Вольга  Фіневіч — сапраўдны прафесіянал. Яна працуе  на МТК “Бор” і абслугоўвае  штомесяц больш за  860 кароў.

Пра  поспехі  гаспадаркі  ў   жывёлагадоўлі  Кацярына Мікалаеўна судзіць па ўласным вопыце. У гаспадарку па размеркаванні  пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта яна прыехала сем гадоў таму. Тады даілі дзевяць літраў малака на карову. Цяпер 12,6 літра.

Да ўзроўню мінулага года плюсуе і МТФ “Гарэлец”. Дзякуючы  амаладжэнню  статка  надой на карову павялічыўся з дзесяці літраў малака да трынаццаці.

Павялічыліся і паказчыкі  па  надоях. Аператар машыннага даення Тамара Смычкова за сем месяцаў у сярэднім па групе  надаіла  2 тоны 834  кілаграма,  Таццяна Агейчанка —  2 тоны 786 кілаграмаў, Надзея Грынёк — 2 тоны  650 кілаграмаў. На МТФ “Гарэлец” лепшых вынікаў дасягнула  Наталля Герман — 2 тоны 837 кілаграмаў.

На гэтыя вынікі станоўча  паўплываў рацыён жывёлы. У гаспадарцы сфарміравана добрая кармавая база. Напрыклад, на ДМБ “Бор” жывёлу на пашу не выганяюць ужо другі год. Дзякуючы кормасумесі, у якую ўваходзяць трава люцэрны, сянаж і кукуруза, тут стабільна  атрымліваюць добрыя вынікі па малаку. Навацельным і высокаўдойным каровам даюць таксама муку, камбікорм і рапсавы шрот.

Вольга Фіневіч.

Астатнія  чатыры  статкі  выходзяць на пашу.

— Цяпер пасьба вядзецца толькі днём, — працягвае галоўны заатэхнік. — Наступіла восень, на пашах праводзім ужо пятае страўліванне. Зразумела, што пажыўнасць траў ужо не такая высокая. Гэты недахоп папаўняем падкормкай,  у якую ўваходзяць  трава  люцэрны  і   канюшынна-злакавая сумесь, сянаж і кукуруза.

Чым болей будзе доўжыцца пашавы перыяд, тым лепш. У мінулым годзе ў верасні ў гаспадарцы  ўжо  перайшлі  на стойлавае  ўтрыманне.  Як  складзецца сёлета —  залежыць ад надвор’я.

Земляробы ААТ “Аграсімвал” таксама старанна працуюць на развіццё жывёлагадоўлі.  У гэтым годзе  павялічылі  пасяўныя   плошчы  пад кукурузу. Ужо пачалі нарыхтоўваць  сілас. У  планах — атрымаць  зерне  кукурузы,  якое  дабаўляюць  у  кормасумесь  для   маленькіх  цялят.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *