Сельгасарганізацыі ставяць тэхніку на захоўванне

З сярэдзіны верасня ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна прыступілі да пастаноўкі тэхнікі на працяглае захоўванне  і навядзення тэхналагічнага парадку на машынных дварах. Усяго ў сельскагаспадарчых арганізацыях неабходна паставіць на захоўванне 1014 адзінак тэхнікі, у тым ліку зернеўборачных камбайнаў — 94,  корманарыхтоўчых — 43.

— На дадзены момант 47 працэнтаў збожжаўборачных камбайнаў пастаўлены на захоўванне, — расказвае загадчык сектара Дзяржтэхнагляду Дзяніс Шырокі. — Уся тэхніка, якая вызвалілася ад палявых работ,  павінна быць пачышчана, неабходна  зняць  некаторыя   вузлы і акумулятары. Неабходна правесці  і дэфектоўку тэхнікі.

Да працы ў зімовых умовах падрыхтаваны рамонтныя майстэрні. Неабходна звярнуць увагу на тое, што павінны быць пазначаны пляцоўкі для захоўвання сельгасмашын і абсталяваны  пляцоўкі для захоўвання металалому,  шын для ўтылізацыі, міжсезоннага захоўвання агрэгатаў. На кожным машынным двары павінен быць  тэхналагічны парадак:  правільнае захоўванне тэхнікі паводле яе відаў і марак.

Самы вялікі парк камбайнаў у ААТ «Зазерка» — 10 адзінак, «Агра-Абярэг» — 9, «Голацк» — 8  і ў  СУП «Дукора-Агра» —  6.

— Трэба адзначыць, што ў гэтых арга-нізацыях  вельмі адказна падышлі да пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, — кажа Дзяніс Генадзьевіч. — Нядрэнна вядзецца  работа таксама  ў СГФ «Дрычын» і  ў ПСУ «Рудзенскае», дзе 60 працэнтаў тэхнікі знаходзіцца ўжо пад дахам.

А вось такія сельгасарганізацыі, як ЭБ «Зазер’е», ААТ «Суцінскі» і  «Шацк» яшчэ не прыступілі да пастаноўкі збожжаўборачных камбайнаў на захоўванне.

Створана мабільная група па маніторынгу якасці пастаноўкі тэхнікі на захоўванне,  падрыхтоўкі рамонтна-абслугоўваючых баз да работы  ў зімовых умовах, парадку на машынных дварах у сельгасарганізацыях. Маніторынг спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама праводзіцца кожны тыдзень.

Застаецца ўсё менш часу, каб паспець паставіць тэхніку на зімовае захоўванне.

У канцы кастрычніка гатоўнасць машынна-трактарнага парку да зімы  і парадак на машынных дварах ужо  праверыць абласная мабільная група.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *