Сем выпускаў на дваіх — сям’я настаўнікаў распавядае аб працы

Анатоль Іванавіч Голуб і Алена Хадыка.

Сем выпускаў на дваіх зрабіла сямя Анатоля Іванавіча і Таццяны Дзмітрыеўны Голуб, настаўнікаў Голацкага НПК дзіцячы садсярэдняя школа.

І ў гэтым годзе мы чакаем на вечар сустрэчы адразу 4 “юбілейныявыпускі: тых вучняў, што скончылі школу 35, 20, 15 і 10 гадоў таму, — усміхаецца Анатоль Іванавіч.  —  Мы будзем рады бачыць абсалютна кожнагаТак было і так будзе заўсёды, бо нашы вучні сталі добрымі людзьмі, якімі мы ганарымся, якіх мы любім і помнім.

Анатоль Іванавіч і Таццяна Дзмітрыеўна Голуб з Аленай Хадыка і Галінай Валенда.

Толькі задумайцеся: трыццаць пяць гадоў таму Анатоль Іванавіч выпускаў першых сваіх школьнікаў, якім выкладаў матэматыку, а сёння ён усё гэтак жа спяшаецца да пачатку урокаў!

— Мы з Таццянай Дзмітрыеўнай у гэтай школе адпрацавалі амаль 80 гадоў на дваіх. Ужо вучым не толькі дзяцей першых выпускнікоў, але і іх унукаў, — кажа настаўнік матэматыкі. — Праўда, Таццяна паўгода як выйшла на заслужаны адпачынак. Аднак пра школу не забываецца.

Ды і ці магчыма забыцца, калі ёй (ды і Анатолю Іванавічу таксама) педагогіка была нібыта наканавана лёсам: Голубы не перабольшаць, калі скажуць, што не распачалі, а працягнулі настаўніцкія дынастыі.

— Школа — гэта наша жыццё, а матэматыка — агульная любоў,— гаворыць Таццяна Дзмітрыеўна.— Два настаўнікі ў сям’і — гісторыя няпростая, аднак  у нашым выпадку ўжо правераная часам. Мы вярталіся з урокаў, а рабочы дзень наш працягваўся: заўсёды было што абмеркаваць і чым падзяліцца. Часам спрачаліся па рабоце, шукаючы рашэнне жыццёвых ці матэматычных задач.  Аднак кансэнсус знаходзілі ў выніку заўсёды…

Галіна Валенда і Таццяна Дзмітрыеўна Голуб.

Алена Хадыка, кіраўнік справамі Голацкага сельвыканкама, выпусцілася са школы 35 гадоў таму. Кажа, што іх клас ледзь не самы дружны: ніхто, пэўна, так не збіраецца на вечары выпускнікоў, як яны.  У кожнага даўно сваё жыццё, свае праблемы, але дзень, калі можна на хвіліну завітаць у дзяцінства, — дзень асаблівы для ўсіх. У гэтым годзе па прычыне эпідэміялагічнай абстаноўкі звычайнага свята, праўда, не атрымаецца. І ад гэтага трохі сумна. Аднак прычына, каб павідаць любімых настаўнікаў, знойдзецца ўсё роўна.

Галіна Валенда выпусцілася 15 гадоў  таму.  І з роднай школай амаль не развітвалася, бо працуе тут выхавацелем у дзіцячым садку. Так што з настаўнікамі сваімі бачыцца штодня. А аднакласнікаў, канечне, чакае.

Ім  заўсёды прыемна сустракацца, бо нідзе больш няма такой утульнай і добрай атмасферы, якая пануе ў сценах роднай школы. Гэта дзіва? Не. Проста ў школе ты заўсёды школьнік. Тут жыве тваё дзяцінства. І жыве яно ў сэрцах тваіх педагогаў. Дзякуй ім за тое, што так адбываецца.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *