Школьнікаў запрасілі на галоўную раённую ёлку
Па традыцыі ў раёне адбылося некалькі дзіцячых навагодніх прадстаўленняў. Першымі на галоўную раённую ёлку запрасілі школьнікаў, якія на працягу года паказвалі выдатныя вынікі ў вучобе і спорце.
— Юныя пухавіччане заваявалі дзясяткі дыпломаў у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, розных конкурсах як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўняў, — адзначыла, віншуючы школьнікаў з Новым годам, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова. — Выхаванцы спартыўнай школы алімпійскага рэзерву таксама папоўнілі скарбонку ўзнагарод новымі медалямі рознай вартасці. Больш за 40 дыпломаў атрымана за поспехі ў конкурсах мастацкай накіраванасці. Гэта ўсё радуе і дае падставу для гонару. Але мы спадзяёмся, што новы год прынясе яшчэ больш поспехаў і перамог. Гэта магчыма, трэба толькі верыць у сябе.
Запрошаныя на галоўную ёлку школьнікі (350 лепшых навучэнцаў) атрымалі падарункі ад раённага выканаўчага камітэта і ўбачылі цікавае навагодняе прадстаўленне — сапраўднае падарожжа ў свет казак, падрыхтаванае работнікамі Палаца культуры.
На другое святочнае прадстаўленне былі запрошаны дзеці-інваліды, дзеці з прыёмных і апякунскіх сем’яў і дома сямейнага тыпу. Дзецям былі ўручаны 330 падарункаў ад Дзеда Мароза і раённага выканаўчага камітэта.
Алена ІВАНОВА.