Школы і дзіцячыя садкі раёна чакаюць дзяцей

26 школ  і 18 дзіцячых дашкольных устаноў адукацыі  1  верасня пачнуць новы навучальны год.  Каб больш за 6870  юных пухавіччан адчувалі сябе камфортна, у летні перыяд была праведзена вялікая праца па рамонце і аснашчэнні школ і дзіцячых садкоў.  У 2018 годзе на гэтыя мэты ва ўстановах адукацыі патрачана каля  837 тысяч рублёў.

Традыцыйная жнівеньская праверка гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года ў асноўным пакінула пазітыўныя ўражанні.  Спецыялісты ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, якія ўдзельнічалі ў планавых аб’ездах школ і садкоў і іх прыёмцы, адзначаюць, што ўсе педагагічныя калектывы з максімальнай адказнасцю падышлі да падрыхтоўкі сваіх устаноў.

Практычна не было заўваг па добраўпарадкаванні  тэрыторый, якія радавалі погляд як арыгінальнымі кветнікамі, так і новымі або абноўленымі малымі архітэктурнымі формамі.

У класах і калідорах устаноў адукацыі выкананы касметычны рамонт, на які былі патрачаны як бюджэтныя і спонсарскія сродкі, так і тыя, што зароблены школамі самастойна.

За лета прынцыпова змянілася Зазерская СШ.  Там адрамантаваны кабінеты, абедзенны пакой.  Але для некаторых заняткаў вучняў гэтай школы будуць дастаўляць у Пярэжырскую СШ, дзе даабсталяваны кабінеты фізікі, хіміі і майстэрні.

Бюджэтныя сродкі выдзяляліся на рамонты харчблокаў Мар’інагорскіх СШ № 2 і  № 4, яслі-сада №4 і Голацкага НПК дзіцячы сад-СШ.  У Голацкім НПК і Мар’інагорскай СШ № 2  былі адрамантаваны і абедзенныя залы.

Ва ўстановах адукацыі выконваліся рамонты сістэм ацяплення, даху (Дубраўская сярэдняя школа, асвоена 14 507 рублёў), Блонская сярэдняя школа — 19 130 рублёў), замена аконных блокаў (Блонскі яслі-сад, Зазерскі яслі-сад).

У Рудзенскай сярэдняй школе выкананы мантаж і наладка сродкаў сістэмы аховы і сігналізацыі.

Добры рамонт праведзены ў спартыўных залах СШ № 4 горада Мар’іна Горка, дзе быў абсталяваны і скаладром для заняткаў секцыі скалалазання, а таксама ў гімназіі.

Вялікую работу ўласнымі сіламі выканалі, рыхтуючы ўстановы адукацыі да пачатку навучальнага года, калектывы Мар’інагорскай гімназіі, Азярычынскага, Ананіцкага, Турынскага, Мар’інагорскага НПК дзіцячы сад-СШ, Пухавіцкай СШ, дзіцячых дашкольных устаноў «Сонейка», «Зубраня» пасёлка Дружны, Дубраўскага яслі-сада.

Стараліся абсалютна ўсе.  У гэтай справе не трэба, як правіла, ніякіх дырэктыўных метадаў: педагогі шчыра імкнуцца стварыць такія ўмовы для дзяцей, у якіх ім было б камфортна знаходзіцца і вучыцца.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *