Слонім стане цэнтрам літаратурнага жыцця ўсёй краіны
Слонім, адзін са старжытнейшых гарадоў Гродзенскага рэгіёну, 1 верасня стане цэнтрам літаратурнага жыцця ўсёй краіны. У гэтым годзе ён з’яўляецца сталіцай маштабнага свята — Дня беларускага пісьменства, якое праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Традыцыйна яно праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Святочныя мерапрыемствы ўпершыню адбыліся ў 1994 годзе ў Полацку. Затым сталіцамі свята станавіліся Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў, Іванава.
Па традыцыі ў Слоніме гасцей і ўдзельнікаў свята чакае шмат цікавых мерапрыемстваў. Падчас фэсту беларускія і замежныя пісьменнікі за круглым сталом абмяркуюць актуальныя пытанні сучаснай кніжнай справы. Адбудуцца “Фестываль кнігі і прэсы”, фінал конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У горадзе будуць працаваць 16 разнастайных пляцовак: тэатральная, турыстычная, маладзёжная, фотазоны з жывымі кветкамі і незвычайнымі пачастункамі. Гасцям прапануюць прыняць удзел у гістарычных квэстах, разгадаць код Сапегі, уручаць мноства прыемных падарункаў.
На цэнтральнай плошчы Слоніма ўрачыста адкрыецца помнік Льву Сапегу — дзяржаўнаму дзеячу, аднаму са стваральнікаў статутаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1586 годзе ён атрымаў у кіраванне Слонім. Дзякуючы яму ў 1591 годзе гораду было пацверджана магдэбургскае права, атрыманае ім ў 1531 годзе, а таксама падараваны герб, на якім адлюстраваны леў з залатой стралой. У часы Сапегі Слонім ператварыўся ў развіты цэнтр рамёстваў, гандлю, палітычнага жыцця.
Цэнтральнымі падзеямі фестывалю пісьменства ў Слоніме стануць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якую атрымаюць шэсць лепшых паэтаў і празаікаў Беларусі.
Па матэрыялах інтэрнэт-рэсурсаў.