Снег прынёс з сабой радасць і клопаты

Многія, не сакрэт, з нецярпеннем чакалі сапраўднага снегу, бо і мінулая зіма  нас не паспела парадаваць снежнымі днямі.  І вось ён выпаў як падарунак на Каляды.  Праўда, як заўсёды, па сваёй уласнай праграме:  адразу  і   многа. І таму пакуль адны любаваліся зімовымі малюнкамі з акна або  абкатвалі  лыжы  ды цюбінгі, другія забыліся на святочныя дні і працавалі  ва ўзмоцненым рэжыме.

Метэастанцыя

— За першую  дэкаду студзеня  выпала  колькасць  асадкаў   51 міліметр пры норме 11 мілі-метраў, — расказвае  начальнік   метэастанцыі  «Мар’іна  Горка»  Наталля  Шнэк.  — Гэта ў пяць разоў перавысіла  дэкадную  норму.  Улічваючы той факт, што ў месяц норма складае 34 міліметры, ужо выпала 150 працэнтаў ападкаў ад месячнай  нормы.

Гэта на самай справе нядрэнна.  Глеба набярэ неабходную вільгаць, пад мяккай снежнай коўдрай у сярэдзіне зімы аказаліся  азімыя культуры.  Сярэдняя вышыня снежнага покрыва, дарэчы,  склала 24 сантыметры.

Станцыя  Пухавічы

— Шмат было збояў пры падачы электраэнергіі на нашым кірунку, — расказаў выконваючы абавязкі начальніка станцыі Пухавічы Васіль Зорын.  — Па прычыне таго, што снег адразу ішоў мокры, з’явілася наліпанне на правадах. Акрамя таго, у аператыўным рэжыме мы чысцілі паветранай гарматай стрэлкі ад снегу.  У начную  змену  гэтыя  работы выконвалі тры чалавекі, а ў  дзённую  —  цэлая брыгада  з 15 чалавек.  У такім рэжыме працавалі два дні, калі снег практычна не спыняўся.  Пастаянна чысцілі  24 стрэлкі на станцыі Пухавічы і пад’язныя шляхі.

Вялікі снег стаў  выпрабаваннем для хуткасных цягнікоў Штадлер.  Лёд, што ўтвараўся на ніжняй частцы цягніка, перашкаджаў руху.  Цягнікам прыходзілася спыняцца, што ўплывала на расклад.

ДРБУ-169 філіял КУП «Мінскаблдарбуд»

Працавалі ва ўзмоцненым рэжыме ў святочныя дні і дарожныя рабочыя.  Была задзейнічана ўся тэхніка: два аўтагрэйдары, два па-грузчыкі, дзевяць трактароў МТЗ і сем пескараскідальнікаў.  Першымі вызвалялі ад снегу ўсе транзітныя дарогі з аўтобусным рухам, затым пад’язныя да вёсак дарогі і ўезды ў садовыя таварыствы.

— Адразу мы чысцілі дарогі ад снегу, —  зазначыў інжынер па бяспецы руху ДРБУ № 169 філіял КУП «Мінскаблдарбуд» Дзмітрый Апаровіч. — Затым  пасыпалі пясчана-салянай сумессю дарогі з асфальтабетонным пакрыццём.  У дыспетчарскую службу паступалі званкі ад пухавіччан, але яны насілі хутчэй папераджальны характар.  Многія хваляваліся, як будуць дабірацца дадому пасля святаў.

Усе  просьбы  дарожнікі  імкнуліся выканаць у самыя кароткія тэрміны.

Асаблівага аўралу, які мог бы выклікаць снегапад, не назіралася.  Да таго ж, не было і моцнага ветру,  які  спрыяе  ўтварэнню  сумётаў на дарозе.

Анастасія   Плятнева.

Камунальнае  прадпрыемства

У тры гадзіны раніцы  8 снежня скончыліся святочныя дні ў многіх работнікаў камунальнага прадпрыемства “Жылцепласэрвіс”.  Снег  не стаў нечаканасцю, як любяць жартаваць пра такія “падарункі” грамадзяне, аднак цяжкасці ў рабоце выклікаў, бо прыбывае ён без уліку магчымасцяў прадпрыемства і нягледзячы на святы ці час сутак.

Каб справіцца з чысткай больш як 800 кіламетраў дарог, што знаходзяцца на балансе прадпрыемства, прыйшлося вывесці не толькі ўласную тэхніку (19 адзінак), але і прыцягнуць да работы 15 адзінак тэхнікі другіх прадпрыемстваў.

Найперш чысцілі гарадскія і запатрабаваныя дарогі, дарогі да медыцынскіх устаноў, пад’езды да могілак (больш як да 100 сельскіх і 7 гарадскіх), пункты прыпынку  транспарту,  тратуары. Адначасова   вялася   падсыпка  дарог і вуліц.

Дыспетчары, канечне, прымалі заяўкі і заўвагі, але іх было не так многа, як чакалася.

Пасля таго, як зіма нагадала пра сябе на працягу святочных дзён,  наступіла паўза. Аднак барацьба з наступствамі снегападу яшчэ працягваецца: чысцяцца дарогі, з гарадскіх вуліц вывозіцца снег.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *