Сонечнае надвор’е і адсутнасць дажджоў уплываюць на стан пашаў

Аператары па доглядзе за дойным статкам Артур і Аляксандр Ануфрыевы.

Летне-пашавы перыяд, які прынята лічыць часам вялікага малака, пакуль не ва ўсіх гаспадарках праходзіць паспяхова. Звычайна ў гэты час узрастаюць надоі. Сёлета сонечнае надвор’е, адсутнасць дажджоў уплываюць на стан пашаў. Гэта адмоўна  адбіваецца  на выніках  работы жывёлагадоўчай галіны. Сітуацыя ў сельгасарганізацыях розная, бо знаходзяцца яны ў  розных кропках раёна, аднак усюды спецыялісты спадзяюцца на  доўгачаканы дождж.

— Ёсць трава на пашы, але калі не будзе вільгаці, магу казаць пра  несуцяшальныя  прагнозы, —  разважае галоўны заатэхнік ААТ “Голацк” Сяргей Стугачоў.

У ААТ “Голацк” пашавы перыяд пачаўся ў канцы красавіка. Спачатку жывёлу выганялі ў поле на некалькі гадзін: рэзкая змена рацыёну ўсё ж такі стрэс для кароў.  Паступова павялічвалі час выгулу. Цяпер рагулі знаходзяцца на пашы кругласутачна.

За ўсімі трыма гуртамі, якія ў цэлым налічваюць 630 галоў, сочаць аператары па доглядзе за дойным статкам. Яшчэ адзін статак (195 галоў)  пасецца  ў Ванькоўшчыне. Усюды вядзецца франтальны выпас.

— На пашы для жывёлы абавязкова ёсць вада, соль, мінеральныя дабаўкі. Перад даеннем двойчы на дзень дадаткова даём рагулям скошаную канюшыну, — працягвае галоўны заатэхнік. — Выпас у асноўным вядзецца на шматкампанентнай пашы інтэнсіўнага тыпу, дзе расце белая канюшына і райграс.  У такую пару захаваць пашы ў адносна добрым стане нам удаецца дзякуючы догляду і своечасоваму падкошванню траў. Гэтым займаецца Леанід Шылай.

ААТ “Голацк” — у тройцы лідараў у раёне па рэалізацыі малака дзяржаве. У сярэднім штодзень сельгасарганізацыя здае 22 тоны  пры  таварнасці 95 працэнтаў. 70 працэнтаў малака рэалізуюць гатункам экстра.

У гаспадарцы робяць стаўку на жывёлагадоўлю. На МТК “Голацк” будуюць новы цялятнік. На гэтым жа комплексе завяршаецца будаўніцтва трох сянажных траншэй.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *