Старшая медсястра Мар’інагорскай паліклінікі занесена на раённую Дошку Гонару
Колькі дзетак у якасці акушэра яна прыняла, Іна Попчык, старшая медсястра Мар’інагорскай паліклінікі, нават не прыгадае. На гэта маё пытанне адказвае проста: многа. І з задавальненнем успамінае той час, калі працавала ў радзільным аддзяленні. Канечне, нялёгкая праца, але, разам з тым, напоўненая незабыўнымі эмоцыямі.
Сёння ж абавязкі зусім іншыя: Іна Пятроўна адказвае за арганізацыю работы раённай паліклінікі. Ад таго, як персанал сярэдніх і малодшых медыцынскіх работнікаў выконвае свае абавязкі, залежыць, у тым ліку, і якасць прыёму пацыентаў.
— Кожны кабінет урача павінен быць забяспечаны ўсім неабходным, а ў паліклініцы павінен быць парадак, — кажа Іна Пятроўна.— Работа таксама адказная. Яна патрабуе ўвагі, умення знаходзіць агульную мову з людзьмі.
Згадзіцеся, калі ўсё ідзе па плану, — значыць, калектыў, якім кіруе Іна Попчык, добра зрабіў сваю, на першы погляд, непрыкметную работу. Але менавіта ў гэтым і ёсць яе сэнс.
Па выніках работы за мінулы год Іна Попчык занесена на раённую Дошку Гонару.
Алена ШАНТЫКА.