Студэнцкія атрады завяршаюць сваю дзейнасць
Сёлета раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” зноў прапанавала юнакам і дзяўчатам з карысцю правесці лета. З сярэдзіны вясны моладзь актыўна запісвалася ў студэнцкія атрады. Найбольш папулярнымі аказаліся атрады педагагічнага, будаўнічага і сельскагаспадарчага профілю.
— Педагагічныя атрады працавалі на трох зменах у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Лясная казка”. Кожны год наша моладзь паспяхова праяўляе сябе ў якасці важатых, — расказвае выконваючы абавязкі першага сакратара раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Святлана Зубарэвіч. — Хочацца падзякаваць усім арганізацыям і прадпрыемствам, якія пайшлі нам насустрач і дапамаглі працаўладкаваць юнакоў і дзяўчат. Для многіх 14-гадовых падлеткаў гэта быў першы вопыт самастойнай працы.
Студатрады “Дэльта”, “Каскад” і “Маналіт” на базе ТАА “Пухавіцкае МПМК-14” працавалі ў пасёлку Дружны. Многія члены БРСМ другі год запар запісваліся ў будаўнічыя атрады. У якасці падсобных рабочых працавалі і хлопцы, і дзяўчаты. Ім было цікава пабываць у самым сэрцы будаўнічай пляцоўкі.
Моладзь у час летніх канікул можна было сустрэць у Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы. Там былі сфарміраваны два сельскагаспадарчыя атрады.
Адным з апошніх завяршыў сваю дзейнасць атрад “Нёман”. Сем юнакоў і дзяўчат працавалі на базе Рудзенскага лясніцтва. Камандзір атрада Аляксандр Лягкоў за гэта лета паспеў папрацаваць аж два разы. Дагэтуль быў камандзірам будаўнічага атрада, які працаваў у Дружным.
— Для мяне такая летняя праца — стымул зарабіць грошы. Хутка прыйдзецца плаціць за вучобу ў каледжы, — гаворыць Аляксандр. — У лясніцтве мы займаліся рознымі відамі работ. Было цікава. У атрадзе дзяўчаты і хлопцы ўсе знаёмыя, таму працаваць з імі было лёгка.
Сёлета студатрадаўскі рух аб’яднаў больш за сто членаў БРСМ нашага раёна.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.