Сядзібны дом Льва Макава ў Мар’інай Горцы прэтэндуе на ахоўны статус

У вячэрнім эфіры тэлеканала АНТ днямі гаварылі пра Мар’іну Горку. Уся краіна ў той дзень даведалася аб тым, што ў нашым раёне ёсць гістарычны аб’ект, які прэтэндуе на тое, каб быць уключаным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Дом міністра стане ахоўным аб’ектам

Сядзібны дом Льва Макава ў Мар’інай Горцы прэтэндуе на ахоўны статус

Калі вы спытаецеся пра тое, што паглядзець у Мар’інай Горцы, горадзе маладым і таму небагатым на гісторыка-культурныя каштоўнасці, кампетэнтныя людзі раскажуць перш за ўсё пра сядзібу Льва Макава, якая размешчана практычна на ўездзе ў горад на беразе Цітаўкі. Сёння гэта тэрыторыя УАЗ «Абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Пухавічы».

Будынку сядзібы Льва Макава амаль 150 гадоў. Ён адзін з найбольш яскравых прыкладаў эклектыкі ў беларускім дойлідстве. І не дзіўна таму, што была пададзена заяўка на ўключэнне асабняка ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Сядзіба Льва Макава

— Прадастаўлены пакет неабходных дакументаў у экспертную камісію пры Мінаблвыканкаме. Там гэты ўвесь пакет знаходзіцца на разглядзе. Я думаю, што ў бліжэйшы час мы ўжо атрымаем вынік, — пракаментавала здымачнай групе АНТ Алена Адамейка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. — Сядзіба Льва Макава знаходзіцца на тэрыторыі абласнога дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра, таму па ўзгадненні з адміністрацыяй яе можна наведаць не ўнутры, а звонку.

Сядзіба (сапраўдная фамільная крэпасць) будавалася міністрам унутраных спраў Расіі Львом Макавым у другой палове XIX стагоддзя адначасова з будаўніцтвам чыгункі. У 1876 годзе з чырвонай цэглы быў пабудаваны дом ускладненай кампазіцыі, на высокім цокалі, які можна лічыць ніжнім паверхам. Да паўднёвага фасада дома прымыкае тэраса.

Сядзіба некалькі разоў капітальна рамантавалася. Вялікія змены перажылі сад і парк, закладзеныя каля яе.

З 1935 па 1941 год у доме міністра быў размешчаны Дом творчасці пісьменнікаў Беларусі, дзе ў свой час адпачывалі і тварылі класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны. Пра гэта сведчыць мемарыяльная таблічка на сценах будынка, у якім падчас вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў размяшчаўся шпіталь. А зараз — Мар’інагорскае аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі.

Алена МАКСІМАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *