Сямейны ансамбль “Жывіца” перамог у Міжнародным анлайн-конкурсе
У сучасных абставінах шмат чаго з рэальнага жыцця перайшло ў віртуальнае. У тым ліку і разнастайныя конкурсы. Але для творчых людзей, якія любяць сваю справу і заўсёды гатовы даказваць, што маюць права называцца лепшымі, фармат — не галоўнае.
Народны сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры пастаянны ўдзельнік конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку і тых, што праходзяць у анлайн-фармаце. Нядаўна скарбонка ўзнагарод калектыву зноў папоўнілася: ён стаў лаўрэатам I-й ступені і ўладальнікам сертыфікату міжнароднага ўзроўню I Міжнароднага анлайн-конкурсу “Art world 2020”, які праходзіў у Маскве.
Па ўмовах творчага спаборніцтва патрэбна было на суд журы прадаставіць два творы. Адправілі відэазапісы беларускай народнай песні “Весялосць” і музычную візітоўку калектыву — песню “Прывітальная. “Жывіца”, музыку да якой напісаў мастацкі кіраўнік калектыву Юрый Крывашэй, словы — вынік агульнай творчасці ўдзельнікаў ансамбля. Упершыню гэты твор прагучаў на юбілейным канцэрце, які адбыўся ў Мар’інай Горцы ў лістападзе мінулага года. Не прагадалі.
— Зараз калектыў працуе над новай канцэртнай праграмай, — расказаў Юрый Крывашэй. — Гледачам мы прадставім яе адразу, як толькі будзе магчымасць. У планах таксама — прыняць удзел у іншых анлайн-конкурсах.
Наталля ПАРХОМЧЫК.