Сямейны ансамбль «Жывіца» стаў пераможцам міжнароднага конкурсу
Не перастае радаваць сваімі поспехамі народны сямейны ансамбль «Жывіца» Борскага сельскага Дома культуры.
Чарговая прыемная навіна прыйшла з горада Санкт-Пецярбурга, дзе 12-13 снежня праходзіў XIII Міжнародны конкурс выканаўчага майстэрства «Санкт-Пецярбургскія Асамблеі мастацтваў», які з’яўляецца адным з самых прэстыжных міжнародных мерапрыемстваў. Сямейны ансамбль з вёскі Бор прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на гэтым музычным форуме. Канкурэнцыя была сур’ёзная. У творчым спаборніцтве прымалі ўдзел знакамітыя калектывы і салісты Расіі і замежжа, сярод якіх Дзяржаўны акадэмічны Паўночны рускі народны хор, ансамбль «Казачая душа», які працуе пры Дзяржаўным акадэмічным кубанскім казачым хоры, і многія іншыя.
Народны сямейны ансамбль «Жывіца» прадставіў конкурсны нумар «Юр’е», аўтарам і аранжыроўшчыкам якога з’яўляецца мастацкі кіраўнік калектыву, лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Юрый Крывашэй.
Па выніках конкурсных выступленняў народны сямейны ансамбль «Жывіца» стаў лаўрэатам I ступені. Таксама калектыў атрымаў запрашэнне на ўдзел у Міжнародным конкурсе-фестывалі «Малахитовая шкатулка», які пройдзе ў лістападзе 2021 года ў Санкт-Пецярбургу. А Юрый Крывашэй — на ўдзел у III Усерасійскім конкурсе творчых работ «Педагагічнае майстэрства», які пройдзе ў сту-дзені 2021 года таксама ў паўночнай сталіцы Расіі.
Запрашэнні прыняты, і, трэба дадаць, што ў калектыву шмат планаў на наступны год. Ужо ў студзені 2021 года ансамбль будзе ўдзельнічаць у расійска-еўрапейскім конкурсным марафоне «New time», які пройдзе анлайн. Ужо вядома, што канкурэнцыю нашым землякам саставяць калектывы і салісты рэгіянальнай кансерваторыі горада Ніца (Францыя), кансерваторыі Луіджы Керубіні (Фларэнцыя, Італія), мастацкая школа «Punto Aureo» (Барселона, Іспанія) і іншыя.
Наталля ВАСІЛЬЕВА.