Сямейны экіпаж Вашкевічаў увайшоў у лік тысячнікаў раёна

На працягу жніва Інэса Вашкевіч жыла па рабочым графіку мужа-камбайнера:  працавала разам з ім на палях ПСУ “Рудзенскае”. Сямейны экіпаж Артура і Інэсы Вашкевічаў увайшоў у лік тысячнікаў раёна.

Артур Мікалаевіч — вадзіцель  УП “Жылцепласэрвіс” КГ. Трэці сезон падчас уборкі збожжавых мяняе звыклы аўтамабіль на камбайн. З жонкай працуе другі год.

— Разам нам камфортна, — гаворыць ён. — Жанчына і камбайн —  абсалютна сумяшчальныя рэчы. Інэса мае правы адпаведнай катэгорыі, умее кіраваць трактарам. Акрамя таго, яна ў свой час атрымала адукацыю агранома, таму працэс уборкі збожжавых ведае вельмі добра.

Агульны стаж Артура Вашкевіча як камбайнера перавышае дзесяць гадоў.  З 1999 па 2000 год ён працаваў у  саўгасе “Рудзенскі”. Убіраць збожжа пачынаў яшчэ на “Ніве”.   Цяперашні  КЗС-1218 з тым  камбайнам  не параў-наць: кіраваць ім лёгка, у кабіне ўсталяваны кандыцыянер,  значна аблягчае працу бартавы камп’ютар.  Артура Мікалаевіча ў “Рудзенскім” ведаюць як адказнага і працавітага чалавека, таму запрашаюць на жніво.

—  Калі ў наступным годзе паклічуць,  таксама з радасцю дапамагу, — гаворыць Артур Вашкевіч. — Сёлета на палях працаваў з задавальненнем. Ураджайнасць склала каля 30 цэнтнераў з гектара, ды і з тэхнікай  сур’ёзных праблем не было.

Цяпер Артур Мікалаевіч прыступіў да сваіх звыклых абавязкаў на камунальным прадпрыемстве. Але на мехдвор гаспадаркі завітае ў бліжэйшы час: трэба паставіць камбайн на захоўванне.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *