Сямігадовы жыхар раёна стаў прызёрам міжнародных спаборніцтваў па скалалазанні
Напрыканцы мінулага года наша каманда па спартыўным скалалазанні прымала ўдзел у міжнародным турніры “MICROBLOCK BOULDER FEST 2019” у Маскве. Ён аб’яднаў лепшых спартсменаў з розных гарадоў Расіі. На спаборніцтвы накіравалася дзесяць пухавіччан, якія былі адзінымі прадстаўнікамі Беларусі.
Найбольш паспяхова турнір склаўся для Аляксея Нікагасяна. Хлопчык прайшоў сем трас з васьмі і ў фінале заняў трэцяе месца.
Аляксей пачаў займацца скалалазаннем у чатыры гады. Разам з камандай станавіўся чэмпіёнам вобласці і рэспублікі. Медаль з міжнародных стартаў у яго скарбонцы — першая.
— На такім турніры ў красавіку мінулага года Лёша заняў шостае месца. Ён старанна трэніраваўся і палепшыў свой вынік, — расказвае трэнер Вольга Рак. — У фінал таксама прайшлі Кацярына Ганчарэвіч, Мікіта Сасноўскі, Максім Гаман, Павел Сацута, Павел Астапчык. Яны былі дастойнымі канкурэнтамі для астатніх спартсменаў. Хачу падзякаваць кіраўніцтву ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага цэнтра турызму дзяцей і моладзі і бацькам маіх выхаванцаў за дапамогу ў арганізацыі паездкі.
Пухавіччане падчас турніру паспелі таксама патрэніравацца на лепшых скаладромах Масквы, дзе пастаноўкай трас займаюцца прафесіяналы сусветнага ўзроўню.
Яшчэ адна прыемная падзея — сустрэча з чэмпіёнам свету і дзеючым спартсменам Аляксеем Рубцовым. Для многіх ён з’яўляецца кумірам у спорце.
2019 год нашы землякі завяршылі ў званні абсалютных чэмпіёнаў вобласці. Пухавіцкія скалалазы лепшыя ва ўсіх трох дысцыплінах: цяжкасць, хуткасць і боулдэрынг.
Напярэдадні новага года Беларуская федэрацыя альпінізму падвяла вынікі. У намінацыі “Лепшы трэнер года” пераможцай стала наша зямлячка Вольга Рак.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.