Сям’я Каваленка стала лепшай у намінацыі “Наезнікі”
У каго лепш за іншых атрымліваецца запрагаць каня? Хто спрытней збудуе лаўку і хто лепшы дрывасек? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі абласнога этапу штогадовага рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2018”, які прайшоў у мінулую суботу ў Мінскім раёне. Пухавіччыну на конкурсе прадстаўляла сям’я Каваленка з аграгарадка Сітнікі.
Валерый і Наталля Каваленкі — вопытныя канкурсанты. У абласным этапе “Уладара сяла” яны ўдзельнічалі трэці раз.
— Але хваляванне ўсё роўна было, бо перш за ўсё хацелася добра прадставіць наш раён, — гаворыць Наталля Каваленка. — Мы асабліва перажывалі за першы конкурс “Візітная картка”. Прадставіць сям’ю нам дапамагалі нашы дачушкі Дана і Маргарыта. Яны падрыхтавалі выставу сваіх малюнкаў і вырабаў.
Пухавіцкі падворак члены журы запомнілі таксама дзякуючы шматлікім ласункам. Наталля накрыла шыкоўны стол. Кабачковы пірог, адна з фірменных страў гаспадыні, першым знік са стала.
Пасля наступіла чарга конкурсаў, дзе Валерый і Наталля прадэманстравалі сілу, спрыт, інтэлектуальныя здольнасці і шмат іншых навыкаў. Усе спаборніцтвы праходзілі на вуліцы. Дождж крыху ўскладняў сітуацыю, але на святочны настрой ніяк не ўплываў. Падчас спартыўнай эстафеты муж і жонка часова памяняліся абавязкамі. Наталлі давялося забіваць цвікі, Валерыю прышываць гузікі. Пасля яны разам распілоўвалі дровы і будавалі лаўку. У апошнім конкурсе ўлічвалася не толькі хуткасць, але і эстэтыка.
Паспяховым для нашых землякоў стаў конкурс “Наезнікі”. Валерый павінен быў запрэгчы каня, Наталля — распрэгчы.
— У гэтым конкурсе галоўнае — запомніць паслядоўнасць дзеянняў і выконваць іх хутка, — працягвае Наталля. — Муж добра ўмее запрагаць каня, я стараюся яму адпавядаць. Мы ўлічылі мінулагоднія памылкі, і ў нас усё атрымалася.
Пухавіччане сталі лепшымі ў намінацыі “Наезнікі”. Канкурэнцыю ім складала дваццаць адна сям’я. Нагадаю: у мінулым годзе Каваленкі сталі “Інтэлектуаламі сяла”.
Валерый і Наталля — актыўныя і творчыя людзі. Разам яны ўжо дзесяць гадоў. Гаспадар працуе галоўным інжынерам у ААТ “Аграсімвал”, яго жонка — намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ў ААТ “Ражджэственскае-агра”.
Арганізаваць цікавы падворак нашым землякам дапамаглі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, пухавіцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, райкам прафсаюза работнікаў АПК, раённы камітэт “БРСМ” і дырэктар ААТ “Зазерка” Андрэй Папельскі.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.