Сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Уладзімір Семяняка.

Амаль 28 гадоў адным шляхам спяшаецца на работу Уладзімір Семяняка. І вядзе гэты шлях на кацельню ў Новай Зары.

— Хутка мы адзначым 30-годдзе так званай фінскай кацельні, якую запускалі падчас здачы новых дамоў для ваеннаслужачых. І я добра гэта памятаю, бо ўсё  адбывалася на маіх вачах,— расказвае Уладзімір Мікалаевіч.— Абсталяванне на кацельні было новае, таму праходзілі стажыроўку ў фінскіх наладчыкаў, каб маглі прафесійна абслугоўваць абсталяванне. Дарэчы, яно і цяпер працуе на агульны вынік, дзякуючы таму, што нашы работнікі добрасумленна ставяцца і да пытанняў яго эксплуатацыі, і да пытанняў прафілактыкі.

Уладзімір Семяняка па штатным раскладзе — начальнік кацельні №2, аднак фактычна падпарадкаваны яму персанал колькасцью 43 работнікі абслугоўвае адразу 5 кацельняў на розных відах паліва. А яшчэ адказвае за стан цепласетак: за іх эксплуатацыю, рамонт і замену. Усе гэта камунальнікі выконваюць самастойна.

— Кожны наш работнік ведае адно простае правіла: чым лепей і якасней папрацуеш летам, тым больш спакойнай будзе зіма, — кажа Уладзімір Мікалаевіч. — Калектыў наш стабільны, дружны, здольны добрасумленна выконваць пастаўленыя задачы.

І зіма, што скончылася па календары тры тыдні таму, — пацвярджэнне словам начальніка кацельні: сур’ёзных аварыйных сітуацый за гэты перыяд на ўчастку не было.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *