Танцавальны “Фальк-фэст” упершыню прайшоў у Пухавіцкім раёне

Удзельнікі “Фальк-фэсту”.

На базе  Блонскага сельскага Дома культуры адбыўся конкурс фальклорных пабытовых танцаў “Фальк-фэст”, у  якім  прынялі  ўдзел 24 пары,  прадстаўнікі розных Дамоў культуры.

Усе  ўдзельнікі  былі  падзелены  на  тры  ўзроставыя катэгорыі. Для  кожнай  з  іх быў   вызначаны  пэўны  набор танцаў.  У першую катэгорыю ўвайшлі ўдзельнікі  ўзростам з 7 да 11 гадоў:  ім прапанавалі выканаць танцы “кракавяк” і “карапет”. Другую катэгорыю склалі ўдзельнікі 12-16 гадоў:  яны танчылі  “падэспань” і “ойру”.  Трэцюю  катэгорыю складалі ўдзельнікі ад 17 гадоў і старэйшыя:  яны выконвалі “матлёт” і  “польку”.

І агульнай для ўсіх часткай конкурснай праграмы стала “лявоніха”, якая пасля заканчэння творчага іспыту сабрала ўсіх у агульны карагод.

Быў конкурс — ёсць і пераможцы. У першай узроставай катэгорыі лепшымі з  лепшых  сталі   Ангеліна  Жук   і   Паліна Кавалёва, прадстаўляўшыя Свіслацкі горпасялковы Дом культуры. У другой узроставай катэгорыі перамаглі Арцём Мельнічук і Аляксандра Філімончык  з Рудзенскага горпасялковага Дома культуры. Сярод самых старэйшых  удзельнікаў пераможцамі сталі Наталля і Юрый Крывашэй з Борскага сельскага Дома культуры.

Ініцыятары гэтага фестывалю —  народны фальклорны ансамбль “Зарачанка” і дзіцячы фальклорны ансамбль “Зарачаначка”  Блонскага сель-скага Дома культуры.  Яны  як сапраўдныя гаспадары, што прымаюць  у  сябе  гасцей,  паклапаціліся, каб усім было ўтульна і цікава. У перапынках паміж творчымі іспытамі яны правялі майстар-клас фальклорных танцаў, якія не былі заяўлены ў конкурснай  праграме.  Раённы  цэнтр культуры падрыхтаваў  для  ўсіх  удзельнікаў падарункі, якія яны атрымалі разам з дыпломамі.

— Мы плануем зрабіць гэты конкурс традыцыйным, —  падзялілася думкамі намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Анастасія Шнэк. — Праходзіць ён будзе на розных пляцоўках. Вельмі хочацца, каб наш танцавальны “Фальк-фэст” зацікавіў як мага больш людзей, каб праз яго пачала   распаўсюджвацца любоў да народных танцаў.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *