Тры экіпажы з ААТ «Голацк» сталі тысячнікамі
Эстафета ўшанавання тысячнікаў жніва дайшла да ААТ “Голацк”. Адразу тры экіпажы камбайнераў, якія працуюць на “Лексіёнах”, намалацілі па тысячы тон збожжа.
Першымі тысячнікамі ў гаспадарцы сталі Аляксандр Расолька і Яўген Кавальчук, Алег Маркаў і Павел Рудэнка, сямейны экіпаж Мікалая і Ігара Тарасевічаў, якія на працягу апошніх дзесяці гадоў прыязджаюць на жніво ў Голацк з Мінскага раёна. З працоўнай перамогай тысячнікаў павіншаваў старшыня райвыканкама Віктар Каляда. Віктар Міхайлавіч уручыў хлебаробам падзякі і грашовыя прэміі.
Асаблівай цырымонія ўзнагаро-джання стала для Яўгена Кавальчука і Паўла Рудэнкі. Яны зусім нядаўна прыйшлі ў сельгасарганізацыю. Разам з вопытнымі старшымі камбайнерамі ў іх атрымаліся добрыя працоўныя тандэмы.
— Сёлета ўборка даецца нам няпроста, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Лук’янаў, для якога гэтае жніво дэбютнае як для спецыяліста. — На палях шмат палегліцы. Да жаткі камбайнаў мы прымацавалі сцеблепад’ёмнікі, што значна ўскладняе задачу для хлебаробаў. Пакуль мы не можам набраць звыклых тэмпаў уборкі, аднак спадзяёмся, што своечасова і якасна ўбяром ураджай.
А ўбіраць на палетках ёсць што. Сярэдняя ўраджайнасць адна з самых высокіх у раёне: 44,2 цэнтнера з гектара. Яравы ячмень даў 51 цэнтнер з гектара. Пакуль дазваляе надвор’е, хлебаробы працуюць у полі з самага ранку да позняга вечара. Да такога напружанага графіка ставяцца з разуменнем: не першы год на палях. Кароткія перапынкі робяць толькі тады, калі ім дастаўляюць абеды.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.