У ААТ «Агра-абярэг» прыступілі да падкормкі шматгадовых траў і пашаў

Механізатар Уладізмір Асіпук.

Сакавік сёлета не спяшаецца радаваць нас сонечнымі днямі. Сапраўднага вясновага надвор’я   асабліва чакаюць земляробы, бо старт пасяўной кампаніі залежыць  ад “нябеснай канцылярыі”.

Разам з тым на палях ужо працуе сельскагаспадарчая тэхніка. Большасць гаспадарак вядуць падсеў шматгадовых траў.

ААТ “Агра-Абярэг”  першым у раёне справілася са сваім планам у 400 гектараў яшчэ  напрыканцы мінулага тыдня. У панядзелак земляробы прыступілі да наступнага віду палявых работ — падкормкі шматгадовых траў і пашаў.

— Вясна сёлета позняя, аднак хутка мы ўвойдзем у звыклы працоўны рытм, — гаворыць галоўны   аграном  гаспадаркі  Раіса  Есімчык. — Шматгадовыя травы  ўжо  падсеялі. Работу вялі  Анатоль Савіч і Уладзімір Асіпук. Бабовыя культуры мы падсявалі ў мерзлую глебу — “па чарапку”, як кажуць у народзе.  Шматгадовая  практыка паказвае, што для нашых палёў гэта самае правільнае рашэнне.

Механізатар Мікалай Паўлоўскі.

Цяпер сейбіты прычапілі да сваіх трактароў агрэгаты для ўнясення мінеральных удабрэнняў. Да гэтай жа справы далучыўся Мікалай Паўлоўскі.

— Якасныя ўдабрэнні — адзін з гарантаў высокага ўраджаю. Мінеральнымі мы забяспечаны на 70 працэнтаў, — працягвае галоўны аграном. — Пакуль механізатары ўносяць калійныя ўдабрэнні.

Арганічнага ўгнаення ў гаспадарцы нарыхтавана 25 тысяч тон. Працягваецца вываз арганікі на  палі. Штодзень Віктар Граблюк, Аляксандр Верасовіч, Аляксандр Ладуцька, Уладзімір Рунец і Мікалай Ляпёшка робяць па некалькі рэйсаў з ферм на палі.

У ААТ “Агра-Абярэг” адна з самых вялікіх пасяўных плошчаў у раёне.  Земляробам гаспадаркі трэба будзе пасеяць 1050 гектараў  яравых збожжавых і зернебабовых культур. Пасля наступіць чарга кукурузы — 700 гектараў і цукровых буракоў — 200 гектараў.

Тэхніка, якая будзе задзейнічана на сяўбе, чакае свайго выхаду на поле. З насеннем таксама праблем  няма:  усю неабходную эліту дакупяць у бліжэйшыя дні. Пратручвальнік насення гатовы да работы, прэпараты  ўжо набылі. Работнікі прайшлі медкамісію і атрымалі допуск да працы з хімічнымі прэпаратамі.

Усе неабходныя дакументы атрымала і сталовая гаспадаркі. Пакуль тут харчуецца няшмат людзей, аднак такое зацішша — з’ява часовая. Падчас сяўбы работнікі сталовай будуць дастаўляць на палі каля сотні абедаў і падвячоркаў.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *