У ААТ «Аграсімвал» прайшла акцыя «Наш жывёлавод»

Падзяку за працу жывёлаводу Віталю Баганцу ўручае Анастасія Арахоўская.

У  рамках  рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод»  галоўны   спецыяліст аддзела арганізацыйнай і кадравай работы Мінскай  абласной   арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Гардзейчык  і  старшыня  раённай  арганізацыі  прафсаюза   работнікаў АПК  Анастасія  Арахоўская  наведалі    ААТ   «Аграсімвал».

У калектыве гаспадаркі працуе нямала жывёлаводаў, якія дабіваюцца добрых вынікаў працы. Напрыклад, аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Святлана Баёк. І вынікі ў яе — адны з лепшых у гаспадарцы.  Даглядае  Святлана   Уладзіміраўна  цялят ад нараджэння і да месяца. Сярэднясутачныя прывагі склалі ў яе групе 787 грамаў за 2019 год. А ў студзені гэтага года — ужо 905 грамаў.

Зінаіда Леўчык даглядае цялят да паўгода. Сярэднясутачныя прывагі ў яе групе — 689 грамаў.

Святлана Сіротка, аператар машыннага даення, у сярэднім надаіла за мінулы год 4455 літраў малака ад каровы. Гэта плюс 551 кілаграм да папярэдняга года.

Тамара Смычкова таксама атрымала добры вынік па надоі малака ад каровы — 4439 кілаграмаў. Гэта плюс 151 кілаграм да папярэдняга года.

— Праводзіцца акцыя «Наш жывёлавод» з мэтай павышэння прэстыжу гэтай прафесіі, матэрыяльнага і маральнага заахвочвання жывёлаводаў, — адзначае старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская. —  Акрамя таго, адной з абавязковых умоў акцыі з’яўляецца кантроль  за  ўмовамі  працы  работнікаў  жывёлагадоўлі.

Старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі  Наталля Учанёва таксама ўручыла падарункі ад  гаспадаркі  цялятніцы Наталлі Елішэвіч, аператару па  асемяненні Вользе Фіневіч, жывёлаводу Міхаілу  Халадку, аператарам машыннага даення  Алене Зубок  і   Сяргею  Матусевічу. Дырэктар   ААТ  «Аграсімвал»  Юрый  Плешавеня  падзякаваў   жывёлаводам за працу і выказаў надзею, што гэты год для іх будзе яшчэ больш паспяховым.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *