У ААТ «Аграсімвал» прыступілі да першага ўкосу траў

Вадзіцель Уладзімір Журавель.

У мінулыя выхадныя ў ААТ «Аграсімвал» прыступілі да першага ўкосу траў. У сельгасарганізацыі на зялёны корм неабходна ўбраць 415 гектараў траў, плануюць закласці дзве сянажныя траншэі каля МТК «Бор».

Першай пачалі скошваць бабова-злакавую сумесь, якая паспела раней  за  іншыя  культуры. Каб не ўпусціць  тэрміны, у дзень  патрэбна ўбіраць  да 50 гектараў.

— На касавіцы задзейнічаны два КВК-800, дзве касілкі КПР-9 і на адвозцы зялёнай масы з палёў шэсць адзінак тэхнікі, — расказала галоўны аграном ААТ «Аграсімвал» Марыя Цымановіч. — Працуюць  на  полі  Уладзімір    Русецкі і Уладзімір Зуб, Анатоль Лабанок і Аляксандр Руды.

Сянажная траншэя, якую закладваюць першай, знаходзіцца каля  малочна-таварнага  комплексу «Бор». Правяленую масу кладуць у траншэю, як таго патрабуе тэхналогія,  на працягу трох дзён.

Механізатар Уладзімір Русецкі.

За якасцю працэсу сочыць аграном па кормавытворчасці Ірына Шпакоўская.

— Я правяраю вільготнасць,  якая павінна быць ад 40 да 60 працэнтаў. Зялёнай масе неабходна   добра правяліцца на полі, а тэмпература  яе —  не перавышаць 37 градусаў, каб не страціць  пажыўную якасць, — кажа Ірына Мікалаеўна. — Трамбоўку траншэі на «Амкадорах-352» выконваюць Аляксандр Ільчэнка і Сяргей Руды. Ноччу за станам сянажнай траншэі сочыць  інжынер па тэхніцы бяспекі сельгасарганізацыі Сяргей Бакіноўскі.

Добрае надвор’е не толькі дазваляе хутка  спраўляцца  з гэтай працай,  але і спрыяе росту іншых траў. На падыходзе злакавыя, якія скосяць следам за бабова-злакавымі культурамі.

Сонейка і ветрык — добрыя памочнікі ў справе нарыхтоўкі кармоў, таму аграрыі імкнуцца не губляць ні хвіліны, каб своечасова і якасна закласці  зялёнку на корм жывёле.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *