У ААТ “Машхарчпрад” завяршылі пасадку бульбы
На прадпрыемстве сёлета пад «другі хлеб» адвялі 800 гектараў. Бульбу прыйшлося пасадзіць у кароткія тэрміны, таму што халодная і зацяжная вясна ўнесла свае карэктывы.
На ААТ «Машхарчпрад» бульба з’яўляецца галоўнай сыравінай для вытворчасці чыпсаў і іншых відаў прадукцыі.
— Мы, як і многія аграрыі, чакалі, калі падсохне зямля, каб тэхніка магла працаваць на полі, — кажа намеснік дырэктара ААТ «Машхарчпрад» Арцём Громаў. — Ніводнага паўнацэннага поля не было, таму садзілі выбарачна, на высокіх участках, культыватарам сушылі зямлю.
Каб укласціся ў агратэхнічныя тэрміны, павялічылі працоўны дзень: механізатары былі ў полі з 7 гадзін раніцы да 8 гадзін вечара. Каларыйныя абеды дастаўлялі прама ў поле.
За дзень бульбу садзілі на 50-60 гектарах. У гісторыі ААТ «Машхарчпрад» такіх тэмпаў не памятаюць. У многім гэта дзякуючы новай высокапрадукцыйнай сажалцы «Грыме-860», якая ў рабоце другі год. З-за шырокага захопу толькі адной ёй можна за дзень пасадзіць да 25 гектараў бульбы.
Перад пасадкай уносілі ўдабрэнні ў глебу для спрыяльнага росту і развіцця раслін, а таксама апрацоўвалі самі клубні. Зрабілі ўсё на першым этапе, каб атрымаць запланаваную ўраджайнасць 350 цэнтнераў з гектара.
Для сваёй вытворчасці прад-прыемству неабходна 30 тысяч тон бульбы. Для пасадкі выкарыстоў-валі самыя лепшыя гатункі беларускай і замежнай селекцыі, у асноўным правераныя, такія як «брыз», «вектар», «журавінка». Таксама ўпершыню вырашылі паспрабаваць гатунак галандскай селекцыі — «чэленджэр», эліты якога закупілі 10 тон. Ён выдатна падыходзіць для вытворчасці бульбы фры і бульбы «па-вясковаму» з-за нізкага ўтрымання цукру і высокага ўтрымання сухога рэчыва.
— Таксама сёлета мы хочам зрабіць упор на сортазмену, — адзначае Арцём Генадзьевіч. — Больш увагі ўдзяліць элітным гатункам, якія пойдуць на пера-працоўку і на продаж.
Праз два-тры тыдні ўжо з’явяцца дружныя ўсходы. Зараз для бульбы трэба доўгачаканае цяпло і ўмераная вільгаць.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.