У ААТ «Племянны завод  «Індустрыя» набірае тэмпы сяўба азімых збожжавых культур

Аляксандр Назаранка.

У сельгасарганізацыях раёна з кожным днём набірае тэмпы сяўба азімых збожжавых культур. У ААТ «Племянны завод  «Індустрыя»  сёлета  адзін з самых вялікіх планаў сяўбы ў раёне — 1500 гектараў. Справіцца з ім пры спрыяльных  умовах надвор’я плануюць да канца верасня.

—  Асноўная нагрузка ў нашай гаспадарцы цяпер ляжыць на  двух сейбітах.  Гэта Аляксандр Назаранка і Дзмітрый Бабінскі, — расказвае галоўны аграном ААТ «ПЗ «Індустрыя» Васіль Бойка. —  Яны працуюць  на МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АППМ-6 і  на трактары «Фэндт» з сеялкай Rabe. Засяваюць да 60 гектараў штодня.

Віктар Савасцюк рыхтуе  ім у дзень  да 70 гектараў глебы   на трактары МТЗ-3522 з культыватарам  КШП-10.  На ўскрайку поля дзяжураць Анатоль Бязродны на трактары МТЗ-1221 з  бункерам, які ўмяшчае да 5 тон насення, і на МТЗ-920  Аляксей Скіндар.

У гаспадарцы першай пачалі сеяць азімую пшаніцу. Ужо пасеяна больш за  570 гектараў, што складае 38 працэнтаў да плана. 130 гектараў засеялі насеннем эліты гатунку «багатка», які набылі ў  агракамбінаце «Сноў».  Ён — высокапрадуктыўны,   пры выкананні ўсіх тэхналагічных патрабаванняў  навукоўцы абяцаюць вялікі ўраджай. У сельгасарганізацыі разлічваюць атрымаць  першую рэпрадукцыю для далейшага выкарыстання.

Акрамя пшаніцы, у гаспадарцы неабходна пасеяць яшчэ 600 гектараў трыцікале і  150 — азімага жыта.

— На ўчастках, якія засеялі ў першыя дні верасня, ужо з’яві-ліся дружныя ўсходы, — адзначае галоўны аграном гаспадаркі. — Дзесьці каля 350 гектараў. Для гэтага ёсць усе перадумовы. Спрыяе цёплае восень-скае надвор’е.

Шчыруюць механізатары ў полі з 7 гадзін раніцы ўвесь светлавы дзень. У поле ім дастаўляюць гарачыя абеды. Ёсць паліва, спраўная тэхніка. А самае галоўнае — гэта жаданне добра працаваць і ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны пакласці зерне ў глебу.

Важна, каб у зімоўку азімыя ўвайшлі ў той фазе, як патрабуецца па тэхналогіі. Вядома, што азімыя культуры вясной хутчэй ідуць у рост, лепш пераносяць адсутнасць вільгаці ў глебе, што часта здараецца ў нашых кліматычных умовах. Зрабіўшы ўсё магчымае,  каб зерне легла ў добра падрыхтаваную і запраўленую ўдабрэннямі глебу,  у гаспадарцы спадзяюцца на будучы ўраджай, які аддзячыць хлебаробам за шчырую працу.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *