У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” актыўна вядзецца ворыва
У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” уборачная кампанія завяршылася ў пачатку мінулага тыдня. З заканчэннем жніва працы ў механізатараў менш не стала. Нарыхтоўка саломы, ворыва, падрыхтоўка глебы, сяўба азімага рапсу — калектыву гаспадаркі на адпачынак пакуль няма часу.
Запланаваныя 300 гектараў азімага рапсу ў гаспадарцы адсеялі аднымі з першых у раёне. Большую частку адведзенай плошчы засеяў Андрэй Палазнік. Аляксандр Сіняўскі працаваў з дыскатарам. Азімы рапс звычайна дае добрую ўраджайнасць, таму агранамічная служба прыняла рашэнне адвесці пад гэту алейную культуру яшчэ каля дваццаці гектараў і пасеяць звыш плана.
На трыццаці гектарах будзе расці азімая свірэпіца. Плошчу ў 1400 гектараў адвялі пад азімыя збожжавыя. Гэтымі днямі актыўна вядзецца ворыва. З вялікім дзевяцікорпусным плугам працуе Аляксей Яловы. Яго мы сустрэлі ў полі каля Сінчы, дзе Аляксей Аляксандравіч толькі пачынаў ворыва.
Плугі да сваіх трактароў таксама зачапілі вопытныя работнікі Аляксей Панкратовіч і Мікалай Гулякевіч. На ворыве ў гаспадарцы цяпер задзейнічаны і Уладзіслаў Ляпіч з СУП “Сварог-Агра”.
— Калі пачнем сеяць азімыя культуры, у поле выйдуць тры пасяўныя агрэгаты. Сеяць будуць Андрэй Палазнік, Аляксей Яловы і Аляксандр Сіняўскі, — расказвае галоўны аграном Дзяніс Адзярыха. — Як бачыце, на палявых работах задзейнічаны адны і тыя ж людзі. Ім прыходзіцца няпроста, але ўсе прафесіяналы і старанна працуюць у такіх умовах.
Паступова механізатары ставяць свае камбайны на захоўванне. Выключэнне пакуль складае “Лексіён” Мікалая Барадакі з УП “Жылцепласэрвіс” КГ, які працягвае ўбіраць шматгадовыя травы на насенне.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.