У ААТ “Ражджэственскае-Агра” прыступілі да ўборкі азімага рапсу

Іван Бункевіч.

На гэтым тыдні гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу.  Сельгаспрадпрыемствам неабходна ўбраць 5940 гектараў рапсу. Больш за ўсіх гэтай культуры пасеяна ў ААТ “Голацк” і “Агра-Абярэг” — па 500 гектараў. 450 гектараў  —  у СУП “Дукора-Агра” і 400 — у ААТ “Зазерка”.

Працаўнікам ААТ “Ражджэственскае-Агра” неабходна абмалаціць азімы рапс на плошчы 300 гектараў. Усяго ў гаспадарцы на яго ўборцы будзе задзейнічана тры камбайны КЗС-1218, абсталяваныя спецыяльнымі сталамі.

Першым выехаў на рапсавае поле Іван Бункевіч на камбайне, які набылі ў гаспадарцы сёлета. Яму невыпадкова даверылі новую тэхніку. У гаспадарцы шмат гадоў працуе яго бацька. Сам жа Іван узяў адпачынак на асноўнай рабоце і шчыруе на турынскіх палях. За першы дзень ён убраў 15 гектараў.

— Негледзячы на ўсе складанасці, якія стварала няўстойлівае надвор’е, мы спадзяёмся атрымаць неблагі ўраджай гэтай алейнай культуры, — адзначае дырэктар ААТ “Ражджэственскае-Агра”  Віталь  Бакіноўскі. — Для гэтага была  добра падрыхтавана глеба, запраўленая ком-плексам мінеральных удабрэнняў. Мы пасеялі рапс у лепшыя агратэхнічныя   тэрміны. Нягледзячы  на бясснежную зіму, рапс нядрэнна перазімаваў. На першых гектарах ураджай складае 16-17 цэнтнераў з гектара. Гэта амаль удвая больш  леташняга.

Услед за Іванам Бункевічам прыступаюць да абмалоту рапсу Сяргей Ніпарка і Максім Вераскоўскі. У гаспадарцы плануюць завяршыць уборку гэтай алейнай культуры за 8-9 рабочых дзён  і выканаць дзяржаўны заказ (рэалізаваць неабходна 200 тон). Усяго ж плануюць атрымаць больш за  350 тон.

Зараз рапс убіраюць вільготнасцю 17-18 працэнтаў, і адразу з поля зерне трапляе на зернесушыльны комплекс М-819, дзе яго дапрацоўку праводзяць Уладзімір Малішэўскі і энергетык Алег Чыкалін.

На адвозцы будзе задзейнічана 5 аўтамашын. Кузавы іх герметычна абсталяваны,  каб па дарозе зерне не гублялася. Калі дазволіць надвор’е, то ў гаспадарцы плануюць завяршыць у тэрмін абмалот азімага рапсу і прыступіць да ўборкі зерневых культур: трыцікале, пшаніцы, жыта,  ячменю, аўса, зернебабовых — усяго 1579 гектараў. Пасля гэтага  на  палі  на жніво выйдуць  6  камбайнаў, якія падрыхтаваны да  гэтай  важнай сельскагаспадарчай кампаніі.

А ўборка рапсу —  своеасаблівы экзамен і для тэхнікі, і для людзей перад пачаткам жніва збожжавых культур.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *