У ААТ «Ражджэственскае-Агра» раней звычайнага пачалася сяўба яравых збожжавых культур

Максім Вераскоўскі.

У ААТ «Ражджэственскае-Агра»,  як і ў  іншых сельскагаспадарчых арганізацыях, раней звычайнага сёлета пачалася сяўба яравых збожжавых культур. Першымі засяваюць супясчаныя глебы і высокія месцы, каб пакласці зерне ў больш прагрэтую сонцам зямлю.

З-за ўмоў надвор’я тэрміны сяўбы ў гаспадарцы даводзіцца змяняць. Начныя замаразкі не дазваляюць  з раніцы выязджаць у поле  сеяльшчыку Сяргею Бункевічу. Максім Вераскоўскі ўносіць мінеральныя ўдабрэнні, падсявае шматгадовыя травы і потым будзе сеяць раннія яравыя збожжавыя.

У гаспадарцы створаны атрад  па  ўнясенні  ўдабрэнняў  і  падкормцы азімых збожжавых і рапсу. Акрамя  Максіма  Вераскоўскага,  гэтымі   работамі  займаецца  і   Валерый    Раўтовіч.

— Першым мы сеем авёс, пад які адведзена 100 гектараў, — расказвае галоўны аграном ААТ «Ражджэственскае-Агра» Ганна Фінская. —  А ўсяго нам неабходна раннія яравыя збожжавыя пасеяць на плошчы    640   гектараў.  Акрамя   аўса, 300  гектараў пшаніцы,  200  ячменю  і   40  —   зернебабовых   культур.

Значны задзел для веснавой сяўбы  ў  сельгасарганізацыі быў зроблены яшчэ з восені. Паднялі зябліва на плошчы 1200 гектараў, што зараз дазваляе  паскорыць работы ў полі. Цяпер гэтыя глебы застаецца толькі культываваць, што і робяць зараз Сяргей Ніпарка і Вячаслаў Качура. Дарэчы, у гэтым годзе ў гаспадарцы ёсць мінеральныя ўдабрэнні, што дае надзею на атрыманне добрага ўраджаю. Забяспечаны сваім насеннем і часткова закупілі эліту ячменю і аўса ў эксперыментальнай базе «Натальеўск».

Галоўны аграном гаспадаркі лічыць, што перазімавалі азімыя збожжавыя нядрэнна. Зараз, каб атрымаць іх добры  ўраджай, трэба  своечасова  правесці  хімпраполку і падкарміць расліны азотнымі ўдабрэннямі.

Халоднае надвор’е ў апошнія дні стрымлівае сяўбу. Але сіноптыкі абяцаюць, што да канца тыдня пацяплее, і  сяўба  будзе  весціся больш актыўна.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *