У ААТ «Вецярэвічы» асаблівую ўвагу ўдзяляюць жывёлаводчай галіне

Галоўны ветурач Надзея Сечко.

Пра шлях малака і хлеба на нашы сталы ведаюць усе. За вялікай галіной эканомікі стаяць, перш за ўсё,  людзі, якія плённа і самааддана працуюць у сельскай гаспадарцы.  Выхадныя для многіх з іх рэдкасць. Усе святы, у тым ліку  і прафесійнае, яны сустракаюць на працы.

Сезон палявых работ завершаны, але ў земляробаў ААТ “Вецярэвічы” размова пра  адпачынак  не вядзецца. Пакуль адны механізатары заканчваюць уздымаць зябліва, другія займаюцца абслугоўваннем малочнатаварных ферм. Прыбытковай жывёлаводчай галіне — асаблівая ўвага.

Ранішняя дойка, здача малака, кармленне жывёлы, навядзенне парадку ў памяшканнях… І ўвечары ўсё па крузе.  Карціна на малочнатаварных фермах гаспадаркі аднолькавая і ў будзённыя дні, і ў выхадныя. Карпатлівая праца кожнага чалавека складваецца ў агульны вынік.

Аператар машыннага даення Вольга Клястова.

…Гэтаму цяляці трэба даць тры літры малака, яго суседу пакуль крыху менш… Аператар па вырошчванні цялят Вікторыя Сідлерава, якая працуе на ДМБ “Ямнае”, на памяць ведае рацыён кожнага.  А іх у Вікторыі Алегаўны 90. Літаральна два тыдні таму было 140.

— На нашым комплексе з’явілася новае памяшканне для цялят. У цялятніку сорак домікаў для нованароджаных, ёсць і клеткі для больш дарослых жывёл, — расказвае Вікторыя Сідлерава. — Наша кіраўніцтва шмат сродкаў укладвае ў жывёлагадоўлю. Я шчыра ўдзячна дырэктару Аляксандру Іванавічу Зайцу, да якога заўсёды  можна звярнуцца за дапамогай і вырашыць на-дзённыя пытанні.

Сёння Вікторыя Сідлерава з’яўляецца прыкладам у працы для многіх работнікаў жывёлагадоўлі. Дагэтуль яна доўгі час працавала ў сферы дашкольнай адукацыі. Абставіны прывялі ў сельгасарганізацыю. Да новай прафесіі прывыкала некалькі месяцаў. Муж таксама працуе ў гаспадарцы. Атрымалі службовае жыллё.

Аператар па вырошчванні цялят Вікторыя Сідлерава.

З аператарам  машыннага даення      Вольгай Клястовай ідзём уздоўж яшчэ аднаго новага памяшкання. Тут стаяць толькі нецелі. Ранішнюю дойку Вольга Клястова пачынае ў пяць гадзін. Вользе Уладзіміраўне адной штодзень трэба падаіць 170 кароў.

— Бывала і больш, — заўважыўшы маё здзіўленне, гаворыць субяседніца. — Магу шчыра сказаць, што я люблю сваю работу. Ведаю кожную кароўку, а яны прывыклі да мяне, адчуваюць мой настрой.

Пасля школы жанчына паступіла ў каледж у Мінску і  атрымала спецыяльнасць тэхніка-электрамеханіка. Працавала ў сталіцы на адным з буйных заводаў. Жыццё вымусіла вярнуцца на малую радзіму. Ужо васямнаццаць гадоў яна працуе ў Вецярэвічах.

Механізатар Аркадзь Урублеўскі.

Пра свае шматлікія працоўныя дасягненіі Вольга Уладзіміраўна гаворыць сціпла. Яе асабістым жыццёвым гонарам з’яўляюцца дзеці. Жанчына — шматдзетная маці. Тры сыны ўжо дарослыя. Малодшая дачка вучыцца ў трэцім класе.

— Побач са мной працуюць надзейныя людзі, якія адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, — падкрэслівае загадчыца ДМБ “Ямнае” Наталля Меркуль. —  Фёдар Прымак — слесар, але ў любую вольную хвіліну бярэцца і за іншыя абавязкі. Ён сапраўдны майстар на ўсё рукі.

ДМБ “Ямнае” ўносіць найбольшы ўклад у жывёлагадоўчую галіну гаспадаркі. Сёння сярэдні надой малака на карову тут складае 11 кілаграмаў. У летне-пашавы перыяд даілі 4400 кілаграмаў малака ў дзень. Да лепшых вытворчых паказчыкаў імкнецца ўвесь калектыў гаспадаркі.  На ДМБ павялічылася пагалоўе,  утрымліваецца 474 каровы і 90 цялят. У мінулым годзе з’явілася лабараторыя, дзе правяраюць якасць малака па розных паказчыках.

Штодзень раніцай і вечарам усе фермы аб’язджае галоўны ветэрынарны ўрач  Надзея Сечко. Прыкладам для выбару такой прафесіі для дзяўчыны стаў бацька. Надзея ўжо адпрацавала  па размеркаванні два гады і вырашыла застацца. Працаваць маладому ветурачу падабаецца, толькі адной цяжка ахапіць усе фермы. Надзея спа-дзяецца, што ў хуткім часе ў гаспадарку  прыйдуць яшчэ спецыялісты жывёлагадоўчай сферы. Жыллё ім прадаставяць.

Па прыкладзе бацькі ў гаспадарку прыйшоў і вадзіцель Аляксандр Сысаў. Малады чалавек за рулём увесь дзень. Ён падвозіць аператараў машыннага даення на фермы. У гарачы сезон палявых работ Аляксандр дастаўляе механізатарам абеды і падвячоркі. Яго работай ў гаспадарцы задаволены.

Інспектар аддзела кадраў Вольга Тарасевіч, бухгалтары Святлана Салычыц, Алена Кроцік, Алена Лапцэвіч, галоўны бухгалтар Іна Меркуль і бухгалтар Наталля Лапцэвіч.

У сельгасарганізацыі нямала людзей, якія заслугоўваюць добрых слоў за сваю працу. Гэта механізатары Аляксандр Бахур, Мікалай Аліферэнка, Дзмітрый Заранчук,             Аляксандр Данілаў, Аляксей Краўчанка, Аляксандр Сідлераў, дыспетчар Людміла Трусава, загадчык МТФ “Вецярэвічы” Сяргей Бурко, загадчык склада ГСМ Валянціна Прохарава  і іншыя. У механізатара Аркадзя Урублеўскага ў працоўнай кніжцы толькі адзін запіс. У Вецярэвічах ён нязменна працуе з 1988 года.

Надзейны калектыў склаўся і ў бухгалтэрыі. Галоўны бухгалтар Іна Меркуль у  “Вецярэвічы” прыйшла  33 гады таму.  Салідны стаж і ў бухгалтараў Наталлі Лапцэвіч, Алены Лапцэвіч, Святланы Салычыц. У свой час жанчыны прыехалі ў гаспадарку па размеркаванні. Знайшлі тут жаночае шчасце і засталіся. Гісторыя сельгасарганізацыі непарыўна звязана з іх лёсамі.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *