У ААТ «Зазерка» стартуе трэці ўкос траў
У ААТ «Зазерка» завяршаюць другі ўкос траў і прыступаюць да трэцяга. У гэтым годзе сельгасарганізацыі неабходна нарыхтаваць 17600 тон кармоў, каб забяспечыць сакавітымі пажыўнымі кармамі вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 5100 галоў.
З самай раніцы ў полі працуе шмат тэхнікі. Міхаіл Булгак косіць травы. На яго рахунку ўжо 894 гектары плошчы. Сяргей Шчэрба выканаў гэтую работу на плошчы 523 гектары.
На падборы правяленай масы працуе Іон Панфіл на КВК-800. З пачатку касавіцы ён падабраў 12000 тон. Гэтымі работамі займаецца і Віктар Пратасевіч.
Акрамя таго, 12 адзінак тэхнікі задзейнічаны на адвозцы. Больш за ўсіх перавёз зялёнай масы на трактары «Джон-Дзір» Аляксей Вераскоўскі — 3688 тон. У лідарах таксама і Уладзімір Сідаровіч: ён адвёз 3280 тон на трактары «Беларус-3022». 2773 тоны на аўтамашыне МАЗ-6501 перавёз Міхаіл Навіцкі, а Аляксандр Холад — 2247 тон.
Яшчэ два механізатары — Сяргей Маслакоў і Андрэй Нарэйка — працуюць на трамбоўцы зялёнай масы.
— Усяго ў нас 23 сянажныя траншэі, — расказвае дырэктар ААТ «Зазерка» Андрэй Папельскі. — Кожная ўмяшчальнасцю ад 1 да 3 тысяч тон. Ужо нарыхтавана 16211 тон, што складае 98 працэнтаў ад плана. Трэба нарыхтаваць да 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
У гаспадарцы ўжо за-крыта 12 сянажных траншэй. Працэс закладкі кантралююць ветурач Таццяна Лабанок, галоўны аграном Аляксандр Сідорык, кіраўнік сельгасарганізацыі.
Убіраюць на сянаж у асноўным змешаныя травы: бабовыя, бабова-злакавыя, канюшыну і люцэрну. Першым укосам скасілі 1160 гектараў і 510 гектараў — другім. Зараз надвор’е спрыяе росту траў: цёпла, праходзяць дажджы. Таму і ўраджай спецыялістаў радуе: атрымліваюць па 100-120 цэнтнераў з гектара.
У апошнія гады ў сельгасарганізацыі нарыхтоўваюць сянаж рулонамі, упакаванымі ў палімерныя матэрыялы. Гэта тэхналогія забяспечвае высокую якасць кармоў, істотна зніжае страты пры іх нарыхтоўцы і захоўванні.
— У стрэтч-плёнку мы запрасавалі кармоў больш за ўсіх у раёне — 363 тоны, — адзначае Андрэй Станіслававіч. — Акрамя сенажу вядзём нарыхтоўку сена. Яго ўжо назапасілі 135 тон. Цяпер набываем яшчэ адзін прэс-абмотчык, каб прасаваць сена, салому, але ўжо без плёнкі.
Трэцім укосам у гаспадарцы збіраюцца ўбіраць аднагадовыя культуры. Зараз на 250-гектарным полі спеюць авёс з гарохам і проса. Праз некалькі дзён пачнецца закладка новых сянажных траншэй. Плануюць закласці з гэтых аднагадовых культур яшчэ 2000 тон сенажу.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.