У Блоні ёлка стаіць на новым месцы

Нязменны атрыбут навагодняга свята — ёлку — у гэтым годзе ў аграгарадку Блонь вырашылі ўпрыгожыць у новым месцы — каля адміністрацыйнага будынка ААТ «Племянны завод» Індустрыя».

—  Адразу ўсталявалі каркас, прывезлі яловых лапак з лесу і павесілі рознакаляровыя гірлянды. — Была аб’яўлена акцыя «Упрыгожым ёлку разам», — расказала старшыня Блонскага сельвыканкама Алена Гнядзько. — Мы прапанавалі ўсім арганізацыям, размешчаным на тэрыторыі сельсавета, прыняць удзел і зрабіць цацкі сваімі рукамі. Актыўна адгукнуліся работнікі нашай сельгасарганізацыі, дома культуры, школы і дзіцячага саду. Разам з дарослымі майстравалі навагоднія цацкі і дзеткі, каб свята запомнілася ўсім прыгожым і яркім.

— Асноўныя ідэйныя натхняльнікі афармлення нашай навагодняй ёлкі — дырэктар племяннога завода «Індустрыя» Віктар Коршунаў і намеснік па ідэалагічнай рабоце Надзея Салоха, — адзначае Алена Іванаўна. — Сёлета  ўпрыгожаны адміністрацыйны будынак сельгаспрадпрыемства, а таксама ўчасткі ўсіх падраздзяленняў. На фермах і на машынным двары ёсць ёлачкі. Таму да навагодніх святаў усё зіхаціць.

На ёлку, якая стаіць у цэнтры аграгарадка, у гэтым годзе закупілі шмат гірлянд, каля 40 метраў каляровай ілюмінацыі і дадаткова вялікія чырвоныя, зялёныя, сінія лямпачкі. У цемры  навагодняя прыгажуня вельмі ярка блішчыць і радуе ўсіх сваёй прыгажосцю.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *