У цэнтры ўвагі сельгасарганізацый Пухавіцкага раёна — рамонт тэхнікі
У гэтыя зімовыя дні ва ўсіх гаспадарках раёна вядзецца актыўная падрыхтоўка да будучай пасяўной кампаніі. Інжынерныя службы прыкладаюць усе намаганні, каб своечасова адрамантаваць і падрыхтаваць тэхніку да веснавых палявых работ. Ад паспяховага рамонту сельгасмашын і агрэгатаў залежаць вынікі земляробчай працы.
Да рамонтаў у сельгасарганізацыях актыўна прыступілі напрыканцы лістапада. Рамонт тэхнікі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ва ўсіх гаспадарках. Створаны звенні па рамонце, у склад якіх увайшлі слесары, токары, газазваршчыкі і механізатары. Згодна з графікам, да 1 лютага аграрыі павінны падрыхтаваць тэхніку, якая будзе задзейнічана на веснавых палявых работах, пасяўныя агрэгаты, дыскатары. Да 1 сакавіка — машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, да 10 сакавіка — глебаапрацоўчую тэхніку (культыватары, чызелі, плугі). Корманарыхтоўчыя камбайны павінны быць гатовыя да 1 красавіка.
На мінулым тыдні мы разам з дзяржаўным інжынерам-інспектарам Дзяржтэхнагляду Ягорам Ганчарыкам наведалі мехмайстэрні ААТ “Шацк” і ААТ “Вецярэвічы”. У Шацку мы засталі механізатараў за рамонтам пасяўнога агрэгата. Каля сеялкі АПП-6Д завіхаўся Уладзімір Русецкі, які вясной зачэпіць яе да энерганасычанага трактара “Беларус-3522”. Ён таксама патрабуе невялікага рамонту. Па словах механізатара, асноўныя запчасткі ўжо набылі, у бліжэйшыя дні рамонтныя работы будуць завершаны.
Спецыяліст Дзяржтэхнагляду падкрэсліў, што ў ААТ “Шацк” рамонт тэхнікі вядзецца недастатковымі тэмпамі. З улікам бюджэтных сродкаў, якія былі выдзелены гаспадарцы, пасяўны агрэгат павінны былі адрамантаваць яшчэ да пачатку студзеня.
Шматлюдна было і ў мехмайстэрні ААТ “Вецярэвічы”. Некалькі чалавек дапамагалі Аркадзю Урублеўскаму з рамонтам яго энерганасычанага трактара. Механізатар звычайна задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы і ворыве. На сваім трактары ён адпрацаваў чатыры сезона, але тэхніка ўжо патрабуе значнага рамонту. Усе астатнія трактары ў гаспадарцы ў рабочым стане. Праблема тут як і ў многіх іншых сельгасарганізацыях — у недахопе механізатараў.
— Наперадзе яшчэ шмат работы, — адзначае галоўны інжынер ААТ “Вецярэвічы” Уладзімір Капытка. — У першую чаргу пачалі рамантаваць пасяўныя агрэгаты і глебаапрацоўчую тэхніку. Адна сеялка амаль гатова, на другую толькі закупілі запчасткі. На дыскатар запчасткі таксама заказалі, дыскі і культыватар рамантаваць не трэба.
З лепшага боку намеснік начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Уладзіслаў Бакіноўскі ацаніў ход рамонтных работ у СУП “Дукора-Агра”, ААТ “Голацк”, “Агра-Абярэг”, “Зазерка”, “Аграсімвал”, сельгасфіліяле “Чырвоны Май”. Слаба вядуцца работы ў ААТ “Суцінскі”, “Ражджэственскае-Агра”, “Племянны завод “Індустрыя”. У ЭБ “Зазер’е” на дадзены момант самая складаная сітуацыя: там увогуле не прыступілі да рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.