У цэнтры «Расток» прайшоў дзень здароўя
Са снегам і з задавальненнем. Менавіта так прайшоў традыцыйны Дзень здароўя ў ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці горада Мар’іна Горка «Расток».
— Нам вельмі пашанцавала, што да загадзя запланаванага мерапрыемства выпаў снег і ўсталявалася камфортнае па тэмпературы надвор’е, — расказвае дырэктар цэнтра Таццяна Шклярык. — Усе зімовыя конкурсы прайшлі так, як яны павінны былі б праходзіць. Дзеці гулялі ў снежкі, забівалі ў вароты шайбы, гулялі з казачнымі героямі ў рухомыя гульні, танцавалі і весяліліся. Настрой быў па-сапраўднаму святочным.
Удзел у Дні здароўя прынялі дзеці сярэдняга і старэйшага ўзросту. Ва ўмовах бягучага эпідэміялагічнага становішча мерапрыемства прайшло асобна для кожнай групы.
Снег — гэта добра. Праўда, добра тады, калі ён не перашкаджае жыццядзейнасці. Напрыклад, наўрад ці каму спадабаецца ісці па снежных гурбах або па іх жа везці дзяцей у садок на санках.
Каб выпаўшы пасля Калядаў снег не перашкаджаў выхаванцам Праўдзінскага дзіцячага садка, на просьбу выхавацеля Лізаветы Грудовіч адгукнуліся бацькі Святлана Ананька, Васіль Загіка, Таццяна Івашнёва, Аляксандра Рысявец, Кацярына Шабанава. Агульнымі намаганнямі яны расчысцілі гульнявую і спартыўную пляцоўкі. І не проста расчысцілі, а стварылі са снегу снежныя горкі і фігуры. А потым размалявалі іх. Весела атрымалася.
Алена МАКСІМАВА.