У дарогу — з допускам. Вынікі акцыі «Дзяржтэхагляд»

У перыяд з 10 па 23 лістапада праходзіла рэспубліканская акцыя «Дзяржтэхагляд», у рамках якой супрацоўнікі  дзяржаўтаінспекцыі  разам з прадстаўнікамі УП «Белтэхагляд» правялі рэйды па кантролі  за наяўнасцю ў вадзіцеляў транспартных сродкаў допуску да ўдзелу ў  дарожным  руху.  Праверка  на  праходжанне  дзяржтэхагляду аўтамашын  працягваецца.

А ў перыяд з 25 лістапада да 4 снежня  на  тэрыторыі  Мінскай  вобласці  дзяржаўтаінспекцыя  будзе  праводзіць  прафілактычную акцыю з напамінам аб неабходнасці выкарыстання зімніх шын.    

Інспектары дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Пухавіцкага РАУС  за час акцыі “Дзяржтэхагляд” прыцягнулі больш за 30 парушальнікаў да адказнасці па артыкуле 18.12 часткі 5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім за кіраванне транспартным сродкам без дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху штраф складае ад 1 да 3 базавых велічынь. Тры вадзіцелі аштрафаваны на суму ад  2 да 5 базавых велічынь за паўторнае на працягу года такое парушэнне. 50 вадзіцеляў атрымалі афіцыйнае папярэджанне.

Як адзначыў інжынер па допуске транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху УП «Белтэхагляд» Віктар Ажгірэй,  які  разам  з  дзяржаўтаінспектарамі  ўдзельнічаў  у  правядзенні  акцыі   «Дзяржтэхагляд»,   некаторыя вадзіцелі слаба ведаюць патрабаванні да падрыхтоўкі  транспартных  сродкаў  да  дзяржтэхагляду  і па парадку  яго  праходжання.   Вось  асноўныя з гэтых патрабаванняў.

Машыну  ўзростам да дзесяці гадоў аглядаюць раз у два гады, а больш старую — раз у год.

Не варта  зацягваць візіт на станцыю дыягностыкі да апошняга дня (ці мала што можа перашкодзіць, і тады вы не ўкладзецеся ў тэрмін).

Машыну трэба памыць. Адрэгуляваць фары, праверыць работу “дворнікаў”, рамянёў бяспекі, гукавога сігналу. Дзвярныя замкі павінны добра адчыняцца і зачыняцца. Люфт руля павінен адпавядаць нормам, заяўленым заводам-вытворцам. У машыне павінны  быць знак аварыйнага прыпынку, вогнетушыцель, аптэчка (а ў ёй — усё па пераліку). Пажадана прыехаць на шынах, адпаведных сезону.

Для праходжання тэхагляду неабходна прадаставіць  вадзіцельскае  пасведчанне, пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (тэхпашпарт) і страхавое пасведчанне, квітанцыі аб выплаце дзяржпошліны, аплаты тэхагляду і аплаты за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.

Варта разумець, што прайшлі часы аглядаў «на вока». На лініі кантролю вашу машыну правераць па найбольш важным для яе бяспекі параметрах: як дзейнічае рабочая і стаяначная тармазная сістэма, працуе рулявое кіраванне,  знешнія светлавыя прыборы, шклоачышчальнікі і шклоамывальнікі. Колы і шыны павінны адпавядаць канструкцыі транспартнага сродку, вышыня пратэктара павінна быць не ніжэй за норму (прасцей кажучы, гума не павінна быць “лысай”). Правяраецца ўтрыманне шкодных  рэчываў  у  адпрацаваных газах  на рэжыме халастога ходу і падвышаных абаротаў. Паліва і працоўныя вадкасці не павінны падцякаць. Усё асноўнае абсталяванне, звязанае з забеспячэннем бяспекі, павінна працаваць. Маркіроўка вузлоў і агрэгатаў павінна адпавядаць устаноўленым патрабаванням.

Дарэчы, тэхагляд можа запатрабаваць у вас нямала часу і сіл, таму важна правільна да яго падрыхтавацца.

Андрэй  Мазанік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *