У Дружным з’явілася новая спартыўная пляцоўка
Тут вырастуць чэмпіёны. Такую думку агучылі госці падчас урачыстага адкрыцця спартыўнай пляцоўкі ў пасёлку Дружны, якое адбылося ў мінулую суботу. Пляцоўка з’явілася на месцы былога парка атракцыёнаў.
У ліку ганаровых гасцей мерапрыемства быў начальнік Дэпартамента забеспячэння спартыўных мерапрыемстваў Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Іван Гаравец. Ён адзначыў, што гэта другая падобная пляцоўка ў нашым раёне і 35-я ў Беларусі з пачатку года.
— Цяпер у футбалістаў з’явілася яшчэ адно месца для трэніровак, і я ўпэўнены, што добрыя вынікі абавязкова будуць, бо з хлопчыкамі працуюць добрыя спецыялісты, — сказаў Іван Гаравец. — Спадзяюся, што тут вырастуць новыя зоркі для нашай зборнай, такія як Вячаслаў Глеб і Валянцін Бялькевіч.
Падчас цырымоніі адкрыцця словы падзякі прагучалі ў адрас кіраўніцтва Пухавіцкага райвыканкама, а таксама ўсіх работнікаў УП “Жылцепласэрвіс” КГ, якія займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі.
У якасці падарункаў ад Беларускай федэрацыі футбола каманды атрымалі футбольныя мячы.
Урачыста адкрылі пляцоўку Іван Гаравец і галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Дзяніс Рыжакоў. Яны ж атрымалі права першымі забіць галы ў вароты на новым полі.
На традыцыйны парад спартсменаў разам са сваімі выхаванцамі выйшлі трэнеры Іван Барташэвіч, Аляксандр Гурыновіч, Ігар Зіятдзінаў, Міхаіл Кучмісты.
Першымі апрабавалі поле для міні-футбола юныя гульцы двух каманд “Август-Бел”. Побач на новай пляцоўцы, не перашкаджаючы адзін аднаму, могуць трэніравацца таксама баскетбалісты і валейбалісты.
Кацярына ІЛЬЮШЭНКА.