У «Дукорскім маёнтку» гадзіннік зноў адлічвае час
У сядзібна-паркавым турыстычным комплексе «Дукорскі маёнтак» 8 ліпеня адбыўся традыцыйны фестываль «Дукорская Брама». Такім чынам тут адзначылі свой трэці дзень нараджэння.
Пачалося мерапрыемства са знакавай падзеі — адкрыцця гадзінніка на сядзібнай браме. Гадзіннікавы механізм на гэтай пабудове знаходзіўся і ў старадаўнія часы, але пасля разбурэння маёнтка быў страчаны. Зараз брамавы гадзіннік зноў пачаў адлічваць час.
Арганізатары спланавалі свята так, каб яго ўдзельнікі змаглі акунуцца ў самыя разнастайныя эпохі. У фестывалі прымалі ўдзел члены некалькіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Дзякуючы ім госці маёнтка змаглі пабачыць рыцарскі турнір, эпізод сутыкнення салдат французскай арміі і арміі Вялікага княства Літоўскага, паў-дзельнічаць у страявых занятках. У батальнай частцы свята быў прадстаўлены таксама адзін з эпізодаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Падчас фестывалю можна было не толькі паназіраць за батальнымі сцэнамі, але і вывучыць некаторыя элементы старадаўніх еўрапейскіх танцаў 16 стагоддзя: майстар-клас арганізаваў танцавальны калектыў «Фламея».
Упрыгожылі фестываль і канцэртныя выступленні разнастайных творчых калектываў, вогненна-піратэхнічнае шоу.
Арганізатары пастараліся, каб свята прынесла задавальненне гасцям турыстычнага комплексу.
Па матэрыялах групы «Дукорскі маёнтак» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»