У Дзень горада у Мар’інай Горцы нарадзіліся дзве дзяўчынкі

Карына Драздоўская.

Асабліва шчаслівым Дзень горада стаў для дзвюх пухавіччанак, якія 22 ліпеня сталі матулямі.

Раніцай у радзільным аддзяленні Мар’інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы на свет   з’явілася  дзяўчынка Паліна.  Для  Дзмітрыя   і    Карыны Драздоўскіх з пасёлка Праўдзінскі  гэта  другая дачка.

Павіншаваць   з  такой радаснай  падзеяй Карыну Сяргееўну прыйшлі намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Наталля Літвінчук і старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі  грамадскага   аб’яднання    “Белая Русь”  Людміла  Сарнова. З найлепшымі пажаданнямі яны перадалі маладой матулі падарунак ад абласнога падраздзялення гэтай арганізацыі.

Разам з гасцямі ў палату завітаў муж Карыны Дзмітрый, што стала для яе  сапраўдным сюрпрызам. Пасведчанне аб  нараджэнні дачушкі  шчаслівым  бацькам  уручыла начальнік  аддзела  загс  райвыканкама  Наталля Дубовік.

Людміла Сарнова, Наталля Літвінчук, Наталля Дубовік.

Ганне Паляковай  з  Мар’інай Горкі   дваццаць  другі  ліпеньскі  дзень  падарыў  трайное  свята.

— Цяпер штогод  мы  з мужам будзем святкаваць Дзень горада і дні нараджэння адразу дзвюх дачок, — расказала Ганна. —  Так супала, што я нарадзіла сваіх дзяцей у адзін дзень з розніцай у адзінаццаць гадоў. Дачку плануем назваць Вікторыей.

Матулі абяцалі, што абавязкова раскажуць сваім дзеткам, што яны з’явіліся на свет у такі незвычайны дзень. Маладым матулям і іх сем’ям госці і ўрачы жадалі моцнага здароўя і шчасця. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і спадзяёмся, што дзяўчынкі ў будучым праславяць наш горад.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *