У эксперыментальнай базе «Зазер’е» пачалі нарыхтоўваць кармы ў палімерную плёнку
У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна стаіць задача скасіць першым укосам 12360 гектараў траў. Для патрэб жывёлагадоўлі неабходна нарыхтаваць 8100 тон сена, 172500 тон сенажу і 219500 тон сіласу.
У эксперыментальнай базе «Зазер’е» першымі ў раёне пачалі касавіцу. Першым укосам тут трэба будзе ўбраць 590 гектараў шматгадовай травы. Адразу вырашылі ўбраць лугапашавыя ўгоддзі, дзе расце цімафееўка з канюшынай. Гэта папераджальнае падкошванне пашы. Потым яго будуць выкарыстоўваць для пасьбы жывёлы. Ужо скасілі і нарыхтавалі ў стрэйч-плёнку 12 тон сена.
На шыроказахопнай касілцы працуе Георгій Вітушка. За ім у працу ўключаецца Валерый Каверчык, які граблямі робіць валкі. Ён працуе граблямі, якія праходзяць дзяржаўнае выпрабаванне на палях эксперыментальнай базы.
Граблі ГВГ-9,5 — гэта распрацоўка навукова-практычнага цэнтра па механізацыі сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Шырыня захопу — 9,5 метраў.
Граблі здольны захопліваць за адзін праход чатыры пракосы. Ад звычайных адрозніваюцца тым, што граблевалкавацелі збіраюць траву ў валкі, не дакранаючыся да зямлі, што ўплывае на якасць кармоў. Такімі граблямі можна за працоўную змену прайсці да 70 гектараў.
Інавацыйная распрацоўка будзе праходзіць дзяржаўнае выпрабаванне на зазерскіх палях увесь сезон корманарыхтоўкі. Граблі будуць прадстаўлены на выставе Бел-агра ў Мінску.
У сельгасарганізацыі выйшлі на раннюю ўборку ў многім і для таго, каб абкатаць у рабоце тэхніку, убачыць заганы, ухіліць іх. Першым укосам плануюць закласці 10 тысяч 660 тон сенажу і 12 тысяч 400 тон сіласу.
Першы ўкос, як вядома, самы ўраджайны. Цяпер расліны ў фазе бутанізацыі, поўныя пажыўных рэчываў.
— Вы паглядзіце, якая добрая трава, — праводзіць экскурсію па палях дырэктар эксперыментальнай базы «Зазер’е» Аляксандр Турбан. — Не трэба ніякіх дабавак у такі корм! Калі не ўбраць своечасова, то перарасце і страціць свае вітаміны. А як жа хутка травы растуць пасля дажджу. Ды яшчэ, калі ночы цёплыя. Таму з кожным днём мы ўсё больш уключаемся ва ўборку. У мінулым годзе ў нас было два ўкосы бабова-зёлкавых культур і тры ўкосы люцэрны. У гэтым плануем не менш.
Корманарыхтоўку пачалі і ў іншых сельгасарганізацыях. Пачалі закладваць сянаж у траншэю ў ААТ «Голацк», а ў ААТ «Зазерка» — у палімерную плёнку.
Вядома, зялёнае жніво яшчэ толькі пачынаецца, але зусім хутка, калі пачнецца масавае паспяванне травы, наступяць гарачыя дзянькі ў нарыхтоўцы кармоў першым укосам.
Анастасія ГЛЕБАВА.