У гарадскім пасёлку Рудзенск адбылося асвячэнне касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла

Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча і ксяндза Генрыха Кучынскага віталі юныя парафіяне.

Апошні дзень верасня стаў значным і доўгачаканым днём для каталіцкіх вернікаў гарадскога пасёлка Рудзенск. Тут адбылося асвячэнне касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Урачыстае набажэнства правёў МінскаМагілёўскі мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Адкрыцця сваёй святыні мясцовыя жыхары чакалі з 2008 года, з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі. У маі  2013 года была выдзелена пляцоўка для будаўніцтва касцёла, і за пяць гадоў на пустым месцы з’явіўся Божы дом.  Сёлета будаўнічыя работы завяршыліся атынкаваннем і афарбоўкай фасада, добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Пробашч прыхода Святых Апосталаў Пятра і Паўла ксёндз Генрых Кучынскі выказаў падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве касцёла. Спонсарскую дапамогу аказаў генеральны дырэктар ЗАТ «Пухавіцкі аграпрадукт»  Іван Гумоўскі. Вялікія фінансавыя ахвяраванні рабіла Варвара Сафонава. На будаўнічай пляцоўцы дапамагалі ўсе мужчыны з парафіі.

— У нас атрымалася пабудаваць гэты невялікі ўтульны касцёл не толькі пры дапамозе фінансаў, але і пры дапамозе малітвы. Усе разам і з Божай дапамогай  мы справіліся, — падкрэсліў ксёндз Генрых Кучынскі.

На ўрачыстасці сабраліся   парафіяне, госці і духоўныя асобы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі   арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прыняўшы сімвалічны ключ, “адкрыў” новы касцёл.

— Гэта сцены не проста будынка, а дома Божага, дзе чалавек сутыкаецца з Богам. Касцёл заўсёды будуецца для   вернікаў   і  іх  нашчадкаў, таму прыходзьце сюды як мага часцей, — звярнуўся   да  парафіян  арцыбіскуп. Тадэвуш Кандрусевіч таксама выказаў шчырую падзяку  ўсім  тым, хто  далучыўся  да  будаўніцтва  касцёла:  Уладзіславу Лазару, які ў свой час распачынаў актыўную дзейнасць парафіі, ксяндзу Генрыху Кучынскаму, дзяржаўным уладам, спонсарам, будаўнікам і вернікам.

Напярэдадні літургіі ў вобразе анёлаў з музычным нумарам выступілі дзеці. Набажэнства распачалося асвячэннем вады і акрапленнем вадой сцен святыні, алтара і вернікаў. Напрыканцы літургіі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і ўсе прысутныя святары падпісалі Дэкрэт аб асвячэнні касцёла.

Вернікі шчырымі словамі і кветкамі падзякавалі арцыбіскупу за асвячэнне касцёла, ксяндзу Генрыху Кучынскаму — за клопаты пра святыню.  Звяртаючыся да парафіян, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не раз падкрэсліў, што ў кожнага чалавека шмат дарог у жыцці, але сярод іх абавязкова павінна быць дарога да Бога.

Надвор’е спрыяла правядзенню ўрачыстасці. На тэрыторыі касцёла працавала палявая кухня, усіх жадаючых частавалі кашай. Пасля святары і парафіяне накіраваліся ў “Дукорскі маёнтак”, дзе адбылося асвячэнне капліцы ў гонар   Праабражэння  Гасподняга.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *