У гарадскім пасёлку Рудзенск з’явіўся  новы арт-аб’ект, ідуць работы па добраўпарадкаванні

Добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка Рудзенсксправа многіх зацікаўленых і неабыякавых людзей. У гэтым я змагла пераканацца чарговы раз, калі ў невялічкім парку насупраць Дома культуры ўбачыла новую скульптуру з дрэва. Падышоўшы бліжэй, я разгледзела ў ёй аўтэнтычнага старога, які трымае ў руках нейкі маленькі домік.

Не паспеўшы даць ход думкам наконт убачанага, прачытала выразанае на дрэве:  «Дойлід Захар». Усё стала адразу на свае месцы: выразаны з дрэва стары чалавек —  мастак, архітэктар. Домік у руках — напэўна, макет будучага будынка.

Новыя арт-аб’екты ў Рудзенску.

— Гэта гісторыя мастака, якую заклаў у свой твор наш зямляк майстар Анатоль Сярчэня, — кажа старшыня Рудзенскага сельвыканкама Наталля  Крыварукава. — Але мы, рудзенцы, бачым у гэтым вобразе нешта большае:  хай гэты мудры чалавек стане своеасаблівым абярэгам пасёлка.

Дойлід Захар і брама з’явіліся ў Рудзенску ў гэтым месяцы. Напэўна, яшчэ нават не ўсе жыхары паспелі ўбачыць скульптуру з дрэва. У іх яшчэ ўсё наперадзе. Думаю,  яна нікога не пакіне абыякавым, таму што гэта сапраўды не радавы арт-аб’ект. Адчуваецца, што руку прыклаў майстар.

— Анатоль Сярчэня выпадкова ўбачыў на тэрыторыі пасялковай лазні бервяно, якое магло б стаць матэрыялам для скульптуры, — расказвае майстар Рудзенскага участка УП “Жылцепласэрвіс” КГ Ірына Матусевіч. — Ён звярнуўся да нас і ў сельвыканкам са сваёй прапановай. Мы, вядома, падтрымалі ідэю і дапамаглі майстру. Я назірала, як Анатоль Канстанцінавіч працаваў. Гэта было дзіўна: зіма, мароз, вецер, а ён часам у адным швэдры … Здавалася, не заўважаў непагадзі…  І вось да Дня Перамогі ў пасёлку з’явілася такая кампазіцыя.

Майстар ЖКГ Ірына Матусевіч.

Анатоль Канстанцінавіч у тэлефоннай размове сказаў, што першапачаткова ён задумаў  іншы сюжэт. Але дрэва, якое здалося спачатку прыдатным, на справе аказалася вельмі складаным па структуры. Ды і не зусім «здаровым». Прыйшлося многае мянять па ходзе працы. Але яна была зроблена.

У парку каля Дома культуры.

Ідзе рамонт дарожкі праз парк.

Драўляная скульптура — гэта не ўсё, што памянялася ў Рудзенску. Завяршаецца рамонт дарожкі, якая вядзе праз парк. Гэтыя 150 метраў дарогі ў апошнія гады былі далёкімі ад камфорных. І жыхары чакалі, калі з’явіцца новая дарожка. Яе рамонт павінен быў скончыцца і раней, але дажджлівае надвор’е ўмяшалася ў планы. Кладка пліткі ў такіх умовах не можа быць якаснай.

— Сёлета мы плануем таксама закупіць добрыя лаўкі, марым аб новым дзіцячым гульнявым комплексе, — кажа Ірына Леанідаўна. — Заўсёды прыемна і радасна, калі вакол нешта мяняецца да лепшага. Але хочацца, каб не было вандалізму ў адносінах да зробленага. Мы ж стараемся на агульную карысць. І просім толькі берагчы нашу работу.

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *