У гаспадарках Пухавіцкага раёна ідзе  сяўба  кукурузы  і цукровых буракоў

Механізатар Дзмітрый Шырабок.

7850 гектараў сёлета зойме кукуруза на палях раёна. Усе сельгасарганізацыі масава вядуць сяўбу гэтай злакавай культуры.

У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” кукурузу на сілас сее Дзмітрый Шырабок. З запланаваных 450 гектараў ён засеяў больш за 100.

На вялікім полі каля вёскі Вітораж трактар з сеялкай  заўважылі толькі дзякуючы шлейфу пылу. Механізатары гаспадаркі, як і ўсе земляробы, у чаканні дажджу.

— Кожны дзень цяпер у трактары прадуваю фільтр, бо пыл на радыятары можа  сапсаваць тэхніку, — расказвае Дзмітрый Анатольевіч, які мае значны вопыт работы ў сельскай гаспадарцы.

Згодна з даведзенымі нормамі, Дзмітрый Шырабок павінен засяваць за дзень крыху больш за 11 гектараў. Механізатар штодзень працуе звыш нормы і сее больш за 20 гектараў.

Сяўба кукурузы — заключны этап работ, якія вядуцца на гэтым полі.  Спачатку Канстанцін Булгак і Павел Капскі праводзяць ворыва, затым Аляксей Панктаровіч рыхтуе глебу.

Механізатар Аляксей Панкратовіч.

На палетках ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” у  гэтым  годзе ўпершыню з’явяцца цукровыя буракі. Салодкія караняплоды будуць расці на 119 гектарах. Сваёй сеялкі ў гаспадаркі няма. На тры дні сюды камандзіравалі  Уладзіміра Пакроўскага з ААТ “Агра-Абярэг”, які ў сваёй гаспадарцы ўжо засеяў 200 гектараў.  Таксама  тут разлічваюць на дапамогу сельгасфіліяла “Дрычын”.

— Для мяне гэта таксама першы вопыт сяўбы цукровых буракоў, — гаворыць галоўны аграном Дзяніс Адзярыха. — Яшчэ з восені на адведзеных гектарах унеслі арганіку, калійныя і фосфарныя ўдабрэнні. Вясной правялі  закрыццё вільгаці, унеслі комплексныя ўдабрэнні і азот. Перад сяўбой яшчэ раз  правялі   падрыхтоўку  глебы.  Спадзяёмся, што гэта культура стане для нас прыбытковай, як і для іншых гаспадарак раёна.

У нашым раёне разам з ААТ “Агра-Абярэг” і ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”  цукровыя буракі вырошчваюць таксама ААТ “Племянны завод “Індустрыя”,   ПСУ   “Рудзенскае”, ААТ “Зазерка” і  сельгасфіліял “Дрычын”.  Апошнія дзве гаспадаркі сяўбу салодкай культуры завяршылі.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *