У горадзе  Бялынічы  Магілёўскай  вобласці  адсвяткавалі Дзень  беларускага  пісьменства

Жыхароў  горада  і шматлікіх гасцей  свята  павіншаваў  намеснік  кіраўніка  Адміністрацыі  Прэзідэнта  Рэспублікі  Беларусь Андрэй  Кунцэвіч. Ён жа зачытаў прывітальнае  слова  ад  Прэзідэнта  краіны Аляксандра  Лукашэнкі.

«Гэта свята — асаблівая падзея ў культурным жыцці Беларусі, — гаворыцца ў пасланні. — На яго пляцоўках адбываецца шматгалосы дыялог майстроў пяра, пісьменнікаў і паэтаў пра лёс слова і культуры, сучаснасць і будучыню нашага народа. Тут сустракаюцца, узбагачаючы творчую ніву, літаратура, музыка, жывапіс і іншыя віды мастацтва. Упэўнены, гэтыя вераснёўскія сустрэчы — добрая падстава для кожнага з удзельнікаў Дня пісьменства яшчэ раз зразумець, што беларусаў, якога б погляду яны не прытрымліваліся, заўсёды  аб’ядноўваюць матчына мова, адзіны лёс і Бацькаўшчына. І гэты каштоўны скарб мы  павінны  зберагчы  для  нашчадкаў».

На галоўнай сцэне адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Адным  з першых  урачыстых  мера-прыемстваў  Дня  пісьменства  стала адкрыццё  скульптурнай кампазіцыі  «З’яўленне  іконы». Гранітны анёл упрыгожыў плошчу ля царквы ў гонар іконы Божай Маці Бялыніцкай. Яго  вага  —  каля  2,5   тоны.  Яшчэ    75 кілаграмаў важыць бронзавая ікона, якую трымае анёл. Аўтарам скульптуры   выступіў  магілёўскі  майстар Аляксандр Мінькоў.

Урачыста расчыніў свае дзверы і Бялыніцкі мастацкі музей імя Вітольда  Бялыніцкага-Бірулі. У новым музеі ўсе жадаючыя могуць пазнаёміцца з карцінамі знакамітага земляка, гісторыяй  Бялыніцкага краю. Упершыню ў музеі з’явілася зала  «Духоўнасць». Цэнтральным экспанатам стала фрэска «Узыходжанне на Галгофу».

Новы выдатны музей  Бялыніцкага-Бірулі абсталяваны ўсімі сучаснымі тэхналогіямі. Ён будзе радаваць не толькі жыхароў Бялыніцкага раёна, але і ўсю нашу краіну. Сюды будзе прыязджаць шмат экскурсій. Плануюцца адпаведныя ўрокі для дзяцей, каб яны ведалі і шанавалі гісторыю нашай краіны.

Увесь цэнтр горада 6 верасня ператварыўся ў вялікую пешаходную плошчу. Адзін з важных момантаў свята — фестываль кнігі і прэсы, дзе госці маглі не толькі азнаёміцца з кніжнымі навінкамі Беларусі, але і набыць упадабанае выданне. Цэнтрам прыцягнення для дзяцей і дарослых стаў друкарскі двор: кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў ролі кнігадрукара з мінулага.

На фестываль у Бялынічы з’ехаліся рамеснікі з усёй вобласці і  іншых рэгіёнаў. Адзенне і ўпрыгажэнні ручной работы, прадметы побыту, разнастайныя тэматычныя сувеніры. Сваю прадукцыю прадставілі тут вядучыя прадпрыемствы харчовай прамысловасці рэгіёна: малочныя і мясныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, салодкія ласункі і шмат іншага. Прыехалі на Дзень пісьменства ў Бялынічы і прадстуўнікі прамысловых  прадпрыемстваў вобласці: тут яны не толькі прэзентавалі сваю прадукцыю, але і расказвалі пра сваю гісторыю.

Свята атрымалася  яркім і цікавым, сабрала мноства гасцей з усёй Беларусі. Завяршыўся Дзень пісьменства ў Бялынічах вялікім святочным канцэртам і яркім салютам.

Знакавым месцам   стала пасаджаная ў дзень свята алея гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства. Эстафету  Дня  пісьменства  ў  Бялынічаў прыняў  горад  Капыль.

Па  матэрыялах  БелТА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *