У калектыва ААТ «Машхарчпрад» зараз гарачая пара: пачалася ўборка «другога хлеба»

У калектыва ААТ «Машхарчпрад» зараз гарачая пара: пачалася ўборка «другога хлеба», які вырошчваецца на землях СУП «Дукора-Агра». Каб атрымаць добры ўраджай, давялося ўкласці нямала сродкаў і працы.

У гэтым годзе вырошчвалі бульбу на плошчы 850 гектараў, што на 150 гектараў больш, чым годам раней. Для сваёй вытворчасці перапрацоўчаму прадпрыемству патрабуецца 30 тысяч тон бульбы. Каб поўнасцю забяспечваць вытворчасць уласнай сыравінай, неабходна ў перспектыве пашыраць пасадачныя плошчы да 1200 гектараў.

Вясна сёлета была зацяжная, таму пасадзілі бульбу пазней звычайнага. У сувязі з гэтым пазней наступілі і тэрміны ўборкі. Падчас фарміравання клубняў, каб атрымаць добры ўраджай, правялі  апрацоўкі ад хвароб і  шкоднікаў.

Алег Жаўнерчык.

— Пачатак уборкі прыйшоўся на канец жніўня і быў вельмі цяжкім, — расказвае намеснік дырэктара ААТ «Машхарчпрад» Арцём Громаў. — З-за пылу не было відаць  нават  бульбаўборачнай  тэхнікі. Гэта значна зніжала тэмпы.  Капалі  першыя  дні  вы-ключна для вытворчых патрэб. Першым пачалі ўбіраць гатунак «брыз», які займаў 250 гектараў. Ураджайнасць яго пакуль 250 цэнтнераў з гектара.

Варта адзначыць, што дзякуючы гарачаму жніўню бульба ў сваім складзе мае сухога рэчыва на 20  працэнтаў  больш, чым  летась, што  вельмі  добра  для  вытворчасці  прадукцыі.

Сёлета ўбіраюць бульбу шэсць камбайнаў.  Дзякуючы канцэрну «Белдзяржхарчпрам» мы набылі новы бульбаўборачны камбайн айчыннай вытворчасці.  Цяпер ён праходзіць  на  полі  «баявое хрышчэнне». Дарэчы, вясной пасадзілі 285 гектараў бульбы па сучасных тэхналогіях новай васьміраднай бульбасаджалкай з міжраддзем 90 сантыметраў. Яе набылі ўвесну і ўжо ацанілі ўсе перавагі: за адзін праход яна выконвае тры аперацыі, што эканоміць час і паліва.

На новым камбайне працуе Уладзімір Грышук. Для яго гэта шосты сезон. Ён адзначае, што ўбіраць ураджай значна прыемней, чым займацца пасадкай бульбы, бо ўжо бачыш вынік сваёй працы.

Уладзімір Грышук.

271 гектар у гаспадарцы ужо ўбралі, што складае 33 працэнты ад плана. Кожны дзень убраная плошча прырастае на 20 гектараў.

Алег Жаўнерчык адвозіць бульбу з поля на аўтамашыне МАЗ умяшчальнасцю 20 тон.

— Цяпер я раблю пяць рэйсаў у дзень, — кажа вадзіцель. — А максімальна магу 8-10. Чым вышэй ураджайнасць, тым хутчэй напаўняецца кузаў. Тры з паловай бункеры месціцца ў адну машыну.

Што датычыцца насенных участкаў, то іх убралі ў першую чаргу. Вырошчвалі эліту і суперэліту такіх гатункаў, як «брыз», «вектар», «журавінка» беларускай селекцыі і нямецкія гатункі «піроль», «каралева Ганна», «рэд лэдзі». Чакаецца, што адзін з найбагацейшых ураджаяў дадуць гатункі «апал», «каралева Ганна», «лілі».

У мінулым годзе нарыхтавалі  24  тысячы  тон  бульбы  пры  ўраджайнасці 350 цэнтнераў з гектара. Сёлета мяркуюць атрымаць не менш. Акрамя нарыхтоўкі для патрэб прадпрыемства, плануюць рэалізаваць беларускую бульбу на расійскі рынак.

На працягу месяца бульбу выкапаюць, калі не перашкодзяць моцныя дажджы. Ёсць спадзяванне, што планы аграрыяў здзейсняцца.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *