У лясніцтвах нашага раёна ўжо ідзе падрыхтоўка новых “кватэр” для птушынага сямейства

У лясніцтвах нашага раёна ўжо ідзе падрыхтоўка новых “кватэр” для птушынага сямейства. У першую чаргу навасёламі стануць шпакі і, вядома ж, сінічкі.

Ляснік Аляксандр Сайкоўскі.

Ва ўсіх лясніцтвах будзе развешана 640 сінічнікаў і шпакоўняў на плошчы 160 гектараў, у тым ліку ў Светлаборскім ляс-ніцтве — 58 штук на плошчы 14 гектараў.

— Мы будзем развешваць сінічнікі па лесе, а шпакоўні — на ўзлесках, на вялікіх высечках па-блізу вёсак Светлы Бор і Вугалец, — адзначыў ляснічы Светлаборскага лясніцтва Павел Фанзэль. — Ёсць пэўныя патрабаванні: птушыныя домікі павінны вісець на вышыні 3-4 метры на хвойных і ліставых дрэвах. Важна ўлічваць адлегласці: адно гняздоўе ад другога павінна быць размешчана на адлегласці мінімум 30 метраў.

Вешаюць хаткі для таго, каб прыцягнуць птушак у лес, бо ў іх роля вялікая: знішчаць шкоднікаў.

Павел Фанзэль і Аляксандр Сайкоўскі.

Змайстраваў усе 58 домікаў для птушак у Светлаборскім лясніцтве ляснік Анатоль Махаронак, а развешвае іх Аляксандр Сайкоўскі. Дарэчы, развешваць сінічнікі і шпакоўні можна з верасня і да канца лютага, бо зімой там птушкі ўкрываюцца ад непагадзі.Кожны з нас можа на сваім падворку пабудаваць хаткі для птушак, каб тыя будзілі свайго гаспадара вясёлымі пералівамі і ратавалі сад ад шкоднікаў.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *