У  «Лясной  казцы» дзецям весела і цікава

У  «Лясной  казцы» за некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця першай змены стаіць   сапраўды казачная цішыня: «ціхую гадзіну» ў дзіцячым лагеры ніхто не адмяняў, таму  на тэрыторыі пуста.  Толькі птушкі не падпарадкоўваюцца распарадку дня і без стомы радуюцца хай і не вельмі цёпламу, але ж летняму дню…

З дырэктарам лагера Алесяй Глустэнка і старшым выхавальнікам Наталляй Навіцкай мы ходзім паміж карпусамі і вядзём размову пра асаблівасці цяперашняй змены, што заехала на адпачынак усяго некалькі дзён таму.

— У «Лясной казцы» ў чэрвені адпачне 164 чалавекі.  Гэта дзеці ад 6 да 14  гадоў,  —  расказвае Алеся  Васільеўна. —  Арганізавана 9 атрадаў, сярод якіх усю змену будзе весціся спаборніцтва за званне лепшага калектыву.  З дзецьмі працуе 18 выхавальнікаў.  Сярод іх — пяць студэнтаў, будучых педагогаў, для якіх праца ў лагеры — першы педагагічны вопыт.

— На падрыхтоўку лагера накіравана 65800 рублёў, — гаворыць загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Усік. — Больш як на 10 тысяч рублёў закуплена тэхналагічнага абсталявання, а таксама мэблі, бялізны. Выкананы рамонт памяшканняў  дзякуючы  педагогам раёна.

Каб адпачынак дзяцей быў бяспечным, у лагеры ёсць дзяжурны медыцынскі работнік, супрацоўнік міліцыі, арганізавана дзяжурства на прахадной.  Усе дзеці прайшлі неабходны інструктаж па тэхніцы бяспекі.  Раней запланаванага нават адбылася і вучэбная пажарная трывога:  падчас  прафілактычнай праверкі сігналізацыі дзеці і выхавальнікі пачулі гук сірэны і арганізавана пакінулі корпус.  Так і замацавалі на практыцы тэарэтычныя веды.

Наталля Навіцкая па першых днях знаходжання дзяцей у лагеры не сумняваецца, што змена атрымаецца цікавая.  Яна, дарэчы, пройдзе пад назвай «Таямнічыя сусветы».

— Адсюль і назвы некаторых атрадаў: «НЛА», «Камета», «Адрэналін»… У першы ж дзень дзеці выпусцілі тэматычныя атрадныя   газеты,  каля   карпусоў   выклалі эмблемы атрадаў (гэта ўжо стала традыцыяй) і правялі першыя творчыя конкурсы, каб выявіць таленты, якія выступяць на ўрачыстым адкрыцці першай змены, — гаворыць  Наталля  Яўгенаўна. — Дзеці падабраліся актыўныя, таленавітыя.  Таму сабраць канцэртную праграму было нескладана.

Для адпачываючых дарослыя падрыхтавалі насычаную праграму актыўнага адпачынку.  У лагеры будуць арганізаваны  кінасеансы, праца гурткоў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі  «Світанак»,  спартыўныя   мера-прыемствы, творчыя конкурсы (асабліва ўсе чакаюць Парад мод) і абавязковае агульнае прыгодніцкае мерапрыемства па пошуку таямнічага скарбу.

За гутаркай непрыкметна праляцеў час дзённага адпачынку.  Жыццё ў лагеры  актывізавалася.  З карпусоў «высыпаліся» адпачыўшыя дзеці, многія з якіх адразу ж прыступілі да рэпетыцыі святочнага канцэрта.  Першымі на сцэне аказаліся дзяўчынкі, якія пад  кіраўніцтвам  Вольгі   Рыбінскай рыхтавалі танец «Рамонкі».

— Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, — паспявае расказаць мне падчас прагону  танца Вольга Рыбінская. —  Напэўна,  таму я з тых педагогаў, якія пасля завяршэння навучальнага года лёгка знаходзяць сілы і матывацыю працаваць з дзецьмі  ў лагеры.  Я раблю гэта ўжо восьмы год.  І часцей за ўсё застаюся на дзве i больш змены.  Ад цяперашніх дзетак з майго атрада чакаю толькі пазітыўных эмоцый.  Думаю, што нам усім будзе весела і цікава.

Алена   ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *