У Мар’інагорскім  дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы адбылася прэзентацыя  зборніка вершаў Леаніда Дранько-Майсюка

Паэт з супрацоўнікамі кнігарні і выкладчыцай каледжа.

У сценах   Мар’інагорскага  дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа адбылася прэзентацыя  зборніка вершаў Леаніда Дранько-Майсюка “Скарб”, які быў выдадзены Выдавецкім домам “Звязда” ў студзені гэтага года. Яго аўтар — наш добры сябра  Леанід Дранько-Майсюк — вырашыў раздзяліць радасць чарговага творчага поспеху з навучэнцамі і выкладчыкамі каледжа.

Скарб — не грошы і не багацце, а тая лірычная каштоўнасць, той канечны жыццёвы шлях, якому заўсёды сугучныя журба і весялосць, лагода і хваляванне, таямнічасць і зразумеласць, рухавасць і супакаенне, устойлівыя вобразы і нязвыклая вершаваная мова. Аб тым, што гэта так і нязменна, сведчыць новая паэтычная кніга Леаніда Васільевіча. Менавіта гэтую ідэю даносіць  паэт сваім чытачам праз радкі вершаў, сабраных пад назвай  “Скарб”.

Таксама былі ўзгаданы і папярэднія выданні аўтара — архіўна-дакументальныя аповесці «…Усе бачылі нястачу віна…» (пра ксяндза Адама Станкевіча, яго самаахвярную працу на карысць Беларусі (пабачыла свет у 2020 годзе), «…Натуральны,  як  лінія  небасхілу…» (пра маладыя гады беларускага паэта  Максіма Танка, яго складанае жыццё ў Вільні (выйшла ў 2017 годзе).

Навучэнцы ахвотна прымалі ўдзел у інтэрактыўнай гутарцы з паэтам. На памяць яны набылі кнігі Леаніда Дранько-Майсюка, якія аўтар з задавальненнем аздобіў  аўтографамі.

З новай кнігай паэта таксама  пазнаёміліся  супрацоўнікі  бібліятэк  раёна, работнікі культуры. Іх запрасілі на прэзентацыю, якая праходзіла ў раённым цэнтры культуры.

Алена  Свірыдава,

выкладчык  Мар’інагорскага  дзяржаўнага  аграрна-тэхнічнага  каледжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *